Святлана Ціханоўская: стварыць урад мяне не пераканалі
Святлана Ціханоўская на канферэнцыі "Новая Беларусь" / скрыншот Еўрарадыё
Перспектывы стварэння ўрада, здаецца, яшчэ будуць абмяркоўвацца пасля Канферэнцыі.
Святлана Ціханоўская не стала ствараць урад за суткі, як гэтага настойліва прасілі памочнік камандзіра палка "Пагоня" Вадзім Пракоп'еў, кіраўнік НАУ Павел Латушка і іншыя прадстаўнік дэмсіл. Пра гэта Ціханоўская расказала ў часе панэлі пытанняў на канферэнцыі "Новая Беларусь".
Еўрарадыё сабрала самае цікавае адтуль.
Ці будзе падтрымана ініцыятыва Пракоп'ева?
С. Ц.: Якая з іх? Руку на Канстытуцыю — незразумела якую — я дакладна лажыць не буду. Той факт, што два гады я працую як бульдозер, — гэта і ёсць фактычная прысяга на вернасць беларускаму народу.
Франак Вячорка: Задача для ўсіх нас і для грамадзянскай супольнасці ствараць гібрыдныя праекты, якія маюць кампанент унутры краіны і кампанент за мяжой. Нам, напрыклад, тэлефануюць людзі, якія з'яўляюцца актывістамі беларускіх НДА і не хочуць з'язджаць.
Прыклад мабілізацыйнай дзейнасці — праект "Беларускі гаюн". Самае важнае — уключаць тых, хто на зямлі. Часта для гэтага не патрэбны складаныя інструменты. Досыць мінімальнага трэнінгу па выкарыстанні VPN, софту.
У нас створана тэхналагічная група па камунікацыі з буйнымі техкампаніямі. Гэта не толькі Google і Meta. У тым ліку кампаніі, якія бясплатна даюць софт для ананімізацыі пры выкарыстанні інтэрнэту. Калі ў вашай арганізацыі ці ініцыятывы ёсць такая патрэба, мы гатовыя падзяліцца з вамі, якія ёсць магчымасці.
Ёсць арганізацыі, як TechSoup, якія дапамагаюць арганізацыям і ў Беларусі, і якія выехалі атрымаць доступ да дарагіх праграм. Усё, што дапаможа актывістам.
Як Ціханоўская збіраецца дамаўляцца з Пазняком?
С. Ц.: Для таго каб дамаўляцца, трэба жаданне з двух бакоў. Я ў свой час зрабіла спробу наладзіць кантакт з Зянонам Станіслававічам, я яму патэлефанавала. Але калі чалавек кажа, што гатовы бачыць мяне толькі ў турме, не бачу сэнсу ў далейшай камунікацыі. У нас ёсць людзі, праз якіх мы можам мець зносіны з Зянонам Станіслававічам, і нас гэта задавальняе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.