Супрацоўніца "Гродна Азоту" напісала заяву — пасля канфлікту з Ляшэнкам?

Святлана Данілава і Ігар Ляшэнка / Еўрарадыё
Святлана Данілава і Ігар Ляшэнка / Еўрарадыё

З "Гродна Азоту" сыходзіць начальніца аддзела арганізацыі працы і заработнай платы Святлана Данілава. На заводзе яе называюць "жалезнай лэдзі". І кажуць, што звальненне стала вынікам канфлікту з гендырэктарам "Гродна Азоту" Ігарам Ляшэнкам.

У размове з Еўрарадыё Святлана Эдуардаўна пацвярджае, што звальняецца. Але ад адказу на пытанне пра тое, ці быў канфлікт з дырэктарам, яна сыходзіць:

— Я не хачу пакуль нічога каментаваць. Хачу, скажам так, гэты час трошкі перажыць. Не хачу на гэту тэму пакуль гаварыць.

Яна дадае, што 20 красавіка ў яе апошні працоўны дзень. На "Гродна Азоце" Данілава адпрацавала 35 гадоў, і цяпер, па яе словах, ідзе на пенсію.

— Я сама асабіста напісала заяву такім чынам, — працягвае яна.

Але тут ёсць нюанс. У профілях Святланы Данілавай у сацыяльных сетках пазначана, што яна нарадзілася 23 лістапада 1963 года. Гэта значыць, што цяпер ёй крыху менш чым 57 гадоў і 5 месяцаў. А са студзеня 2021 года ўзрост выхаду на пенсію ў беларускіх жанчын — 57 гадоў і 6 месяцаў. Вы сталі б звальняцца за месяц да пенсіі, калі б на тое не было важкіх прычын?

Тэлеграм-канал "Стачком Азота" піша, што на адным са сходаў Данілава паспрачалася з Ляшэнкам, які ў выніку "перайшоў на нецэнзурную лексіку і публічна заявіў, што Святлана Эдуардаўна не зможа больш з ім працаваць на заводзе". Пацвердзіць гэту інфармацыю ў Еўрарадыё не атрымалася.

Былы віцэ-прэм'ер Ляшэнка ўзгоднены на пасаду гендырэктара "Гродна Азоту" ў канцы студзеня 2021 года. Нядаўна Еўрарадыё пісала, што яго брат можа быць звязаны з перапродажам беларускіх угнаенняў (у тым ліку і прадукцыі "Гродна Азоту") ва Украіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі