Суд па справе Сафіі Сапега перанеслі ў Смаленск памылкова — Бі-Бі-Сі

Сафія Сапега / кадр з тэлепраграмы БТ
Сафія Сапега / кадр з тэлепраграмы БТ

Суд па экстрадыцыі Сафіі Сапега перанеслі ў Смаленск памылкова, высветлілі журналісты Бі-Бі-Сі.

Як распавядала Еўрарадыё, 1 чэрвеня Прэсненскі суд Масквы вырашыў перанесці ў Смаленск слуханні справы Сафіі Сапега па яе экстрадыцыі з Беларусі ў Расію. Перанос месца патлумачылі тым, што Смаленск быў апошнім месцам, дзе дзяўчына жыла ў Расіі.

Суд абапіраўся на даведку пракуратуры, у якой было пазначана, што Сафія жыла ў Смаленску на вуліцы Тухачэўскага ў 2012 годзе. Даведка была пададзеная з закрытай базы звестак "Расійскі пашпарт".

Гэтыя звесткі сталі сюрпрызам для яе бацькоў і адвакатаў. У сямігадовым узросце Сафія з маці пераехала з Уладзівастока ў Беларусь і больш у Расіі ніколі не жыла.

Пакуль суд у дарадчым пакоі выносіў рашэнне пра перадачу справы ў Смаленск, адвакаты паспелі высветліць, што ў Смаленску на вуліцы Тухачэўскага ўвогуле няма нумара дома, пазначанага ў картцы пракуратуры. Затое дом з такім нумарам ёсць на вуліцы Тухачэўскага ў беларускім горадзе Ліда. Менавіта там Сапега жыла з маці, а перад прысудам адбывала хатні арышт.

Але на рашэнне суда гэтая інфармацыя ўжо не паўплывала.

Адвакат Сапега Ігар Грышын сказаў журналістам, што абарона будзе абскарджваць рашэнне пра перадачу справы ў Смаленск. Раней ён прасіў накіраваць справу ва Уладзівасток, дзе раней жыла Сапега і па-ранейшаму жыве яе бацька.

Сафію Сапега ў траўні 2021 года знялі з рэйса Ryanair разам з экс-галоўрэдам Nexta Раманам Пратасевічам. Дзяўчыну, якая адміністравала "Чорную кнігу Беларусі", асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі. У памілаванні ёй адмовілі, але сёлета ў красавіку Генпракуратура Беларусі пагадзілася перадаць яе ў Расію для далейшага адбывання пакарання.

Суд па экстрадыцыі Сапега пачаўся ў Маскве 24 траўня. Абарона хадайнічала пра перанос яго ў Прымор'е.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі