Суд над “смяротнікам”: следчыя не дапыталі адну з галоўных сведак

Суды над “смяротнікамі” ў Беларусі закрытыя далёка не заўсёды. Але ў выпадку Паўла Селюна закрытым зрабілі нават разгляд касацыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе.

“Суд быў закрыты. Як суд першай інстанцыі, так і суд другой інстанцыі — разгляд у Вярхоўным судзе. Але там была магчымасць трапіць на аб'яўленне вызначэння”, — распавядае юрыст цэнтра “Вясна” Андрэй Палуда.

Паўла Селюна прысудзілі да смерці 12 чэрвеня ў Гродзенскім абласным судзе. Прызналі вінаватым у забойстве дваіх чалавек, здзеках з трупа, крадзяжы маёмасці і дакументаў. У верасні Вярхоўны суд пакінуў прысуд Гродзенскага суда ў сіле. Зараз праваабаронцы спрабуюць захаваць жыццё Паўла, звярнуліся ў Камітэт ААН па правах чалавека.

На судовы працэс у Гродне не пусцілі нават маці Паўла Селюна Тамару. Яна пачынае плакаць, як толькі чуе імя свайго сына. Расказвае, што не пачула нават прычыны такога жорсткага рашэння суддзі.

“Што ў нас абгрунтоўваецца, аб чым вы гаворыце?.. У нас гавораць: “Не!” — і ўсё. Я нікуды не скардзілася, куды тут можна скардзіцца…”, — плача Тамара Селюн.

Маці пабачыла сына толькі ў калідоры Вярхоўнага суда падчас разгляду касацыйнай скаргі.

А Еўрарадыё знайшло даўнюю сяброўку Паўла Селюна Уладу. Яна падтрымлівала з ім сувязь на працягу некалькіх апошніх гадоў, была ў курсе ўсіх праблем Паўла ва ўласным жыцці (Селюна прызналі вінаватым у забойстве сваёй жонкі і яе каханка). Неаднаразова размаўляла з ахвярай. Пра трагедыю Улада даведалася ад знаёмых, неўзабаве следчыя паведамілі ёй аб… забароне выязджаць з роднага горада! Зрабілі гэта… па пошце!

“Прыйшоў лісток. Там напісана, што я не магу выязджаць з горада Пінска на працягу акрэсленага тэрміна. І ўсё, без тлумачэння прычын. Подпіс службовай асобы”, — расказвае Улада.

На гэтым усе следчыя дзеянні з адной з асноўных сведак па справе і скончыліся. Улада не толькі не выклікалі ў суд (хоць Павел Селюн і яго адвакат падавалі хадайніцтва аб гэтым) — яе нават не дапыталі! Толькі двойчы пазванілі на тэлефон.

“Дакладней на мой хатні тэлефон. Я была на працы і маці размаўляла са следчым. Цікавіўся, колькі разоў Павел прыязджаў да нас, як сябе паводзіў. Я прасіла маці перадаць мой нумар мабільны следчым, але яны так і не паразмаўлялі са мной”.

Што дакладна адбывалася на судзе над Паўлам Селюном, можа расказаць толькі ён сам. Яго маці Тамара гаворыць, што сын стараецца дасылаць ёй хоць некалькі радкоў раз у дзень. У лістах наракае на змену адносінаў адміністрацыі СІЗА — на "Валадарцы" яму не даюць нават кніг.

Камітэт ААН па правах чалавека, куды звярнуўся Павел Селюн, можа разглядаць яго скаргу некалькі гадоў, гавораць праваабаронцы. Ці будуць чакаць рашэння Камітэта беларускія ўлады, невядома.

Фота — Fotolia
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі