Студэнты БНТУ: з ВНУ адлічваюць усіх, каго затрымлівалі на акцыях 26 кастрычніка

БНТУ / times.bntu.by
БНТУ / times.bntu.by

28 кастрычніка раніцай некалькі студэнтаў БНТУ даведаліся пра сваё адлічэнне. Усе яны раней былі затрыманыя падчас акцыі пратэсту ў панядзелак 26 кастрычніка.

— Мы цяпер спрабуем трапіць да рэктара. У дэканаце паведамілі, што ўсіх затрыманых у панядзелак студэнтаў адлічылі задняй датай, учора. Мае бацькі і бацькі майго аднагрупніка хадзілі туды раніцай. Але загада аб адлічэнні пакуль мы не бачылі, — расказвае студэнт БНТУ.

Аналагічную інфармацыю паведаміў Еўрарадыё яшчэ адзін студэнт ВНУ.

— Учора намесніца дэкана тэлефанавала старасце студсавета факультэта і сказала, што адлічваюць усіх, каго затрымлівалі 26 кастрычніка. Мяне ўжо выклікаў дэкан, прасіў напісаць тлумачальную за ўдзел у незаконным масавым мерапрыемстве. Сёння павінна быць сустрэча з прарэктарам, там будуць абмяркоўвацца пытанні адлічэння, — дзеліцца студэнт БНТУ.

Усяго, паводле інфармацыі навучэнцаў ВНУ, на акцыях пратэсту 26 кастрычніка былі затрыманыя 32 студэнты БНТУ. У незалежным прафсаюзе БНТУ паведамілі, што загады і больш падрабязная інфармацыя пра адлічэнні з'явіцца пасля абеду 28 кастрычніка.

Хваля адлічэнняў ва ўніверсітэтах, відавочна, звязана з учарашнімі выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі:

— Хто выйшаў у парушэнне закона на несанкцыянаваныя акцыі, пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я казаў, каго ў войска, а каго на вуліцу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі