Вы тут

"Страх і боль. Не вайне": публічныя людзі супраць уварвання РФ ва Украіну

Пост са словамі "Не вайне" з'явіўся ў сацсетках Земфіры / instagram.com/zemfiralive

Вядомыя артысты, спартоўцы і журналісты на постсавецкай прасторы публічна выказваюцца пра ўварванне Расіі ва Украіну. Яшчэ раніцай з заклікам спыніць вайну выступіў спявак Валерый Меладзэ.  

"Хачу прапрасіць вас... я малю спыніць ваенныя дзеянні і сесці за стол перамоваў. Людзі павінныя ўмець дамаўляцца", — заявіў ён у звароце, апублікаваным у Instagram. Ён падкрэсліў, што "людзі не павінныя гінуць. Гэта трэба спыніць".

Меладзэ падтрымалі і іншыя расійскія артысты. Тэлевядоўца Іван Ургант на сваёй старонцы ў Instagram напісаў: "Страх і боль. НЕ ВАЙНЕ".

Тыя ж словы — "Не вайне" — з'явіліся ў сацсетках у спявачкі Крысціны Арбакайтэ і тэлевядоўцы Максіма Галкіна.

"З самай раніцы на сувязі з роднымі і сябрамі з Украіны! Не перадаць словамі, што я адчуваю! Як гэта ўсё магчыма! Не можа быць апраўданняў вайне!" — напісаў ён

Вельмі эмацыйны пост апублікаваў расійскі спявак Сяргей Лазараў. Ён расказаў, як тыдзень таму яго сямігадовы сын прачнуўся ў слязах і сказаў, што баіцца вайны.

"Што ж вы творыце? Я сам раву як хлопчык цяпер!!" — піша ён. Лазараў не можа зразумець, чаму "моцныя гэтага свету працягваюць мерацца сілай і ўзбраеннямі", калі жыццё адно і "ніхто вось ужо шмат гадоў не можа выдыхнуць і запланаваць хоць нешта на заўтра, таму што ў палітыкаў іншыя планы". Ён просіць спыніцца, пачаць перамовы і даць людзям жыць. 

"Я хачу, каб мае дзеці жылі ў мірны час! Я хачу жыць і ствараць у мірны час!" — напісаў ён.

Супраць вайны выказаліся расійскія тэлевядоўца Ксенія Сабчак і спартыўны каментатар "Матч-ТБ" Георгій Чарданцаў.

Расійская "Новая газета" выйшла сёння на дзвюх мовах — рускай і ўкраінскай. Галоўны рэдактар выдання Дзмітрый Муратаў патлумачыў гэтае рашэнне тым, што ў рэдакцыі не прызнаюць "Украіну ворагам, а ўкраінскую мову — мовай ворага" і ніколі не прызнаюць.

"Наша краіна па загадзе прэзідэнта Пуціна пачала вайну з Украінай. І няма каму спыніць вайну. Таму разам з горам мы і я адчуваем сорам", — сказаў ён.

На ягоную думку, антываенны рух расіян можа выратаваць жыццё на гэтай планеце.

Супраць вайны выказаліся і многія беларускія селебрыці. Гурт Naviband адмяніў канцэрт у Маскве, запланаваны на 26 лютага.
 
"Мы не маем маральнага права цяпер там граць канцэрт. Просім прабачэння перад арганізатарамі, гледачамі і асабліва перад тымі, хто збіраўся прыехаць з Мінска. Беражыце сябе", — напісалі беларускія музыкі.

Выказаўся і Лявон Вольскі. Ён падтрымаў украінцаў і паабяцаў, што беларусы зробяць усё магчымае, каб іх падтрымаць. Музыка таксама звярнуўся да беларускіх вайскоўцаў з просьбай не выконваць злачынных загадаў і не ўвязвацца ў расійскую авантуру.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, а ўслед за ім і шэраг спартоўцаў, звярнуўся да калег з заклікам спыніць трэніроўкі і спаборніцтвы, пакуль не спыніцца ваенная агрэсія з боку Расіі.

"Калі, як не цяпер, адкрыць вочы і прызнацца сабе ў жаху таго, што адбываецца? Сказаць "не" вайне — гэта не рызыкаваць свабодай, здароўем або жыццём. Гэта спроба прадухіліць дзясяткі тысяч смерцяў", — у прыватнасці, сказаў экс-генеральны дырэктар БАТЭ Міхаіл Залеўскі.

Супраць расійскай агрэсіі выказаліся алімпійскія прызёры Аляксандра Герасіменя і Андрэй Краўчанка, баскетбалістка Алена Леўчанка і многія іншыя. 

Рэзка звярнулася да маўклівых калег-спартоўцаў чэмпіёнка свету і Еўропы, бронзавая прызёрка Алімпійскі гульняў — 2008 Надзея Астапчук. Яна нагадала, што пазіцыя "я палітыкай не цікаўлюся" рана ці позна будзе мець наступствы.

"Вось так, цяпер гэтая палітыка вас будзе мець па самае не хачу. Хрэн вам чэмпіянат свету, кубкі свету і Еўропы. Будзеце спаборнічаць, хто хутчэй дабяжыць да абменніка, і біцца за лядоўні ў чарзе, каб не згарэлі вашы рублі апошнія. А калі мяса на фронце скончыцца, пойдзеце туды за пуцінскі палац з аквадыскатэкай паміраць", — напісала яна. І заклікала сказаць "Не вайне".

Мінулай ноччу прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абвясціў аб пачатку "спецыяльнай ваеннай аперацыі". Пасля чаго пачалося ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.