Вы тут

Стоп Балонскі працэс: студэнты з Беларусі не паедуць па абмене ў Еўропу?

З'ездзіць на стажыроўку ў Еўропу — добрая магчымасць набыць досвед / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Беларусь цяпер няма каму прадстаўляць у Балонскім працэсе — сістэме, дзякуючы якой развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.

Вінаватыя ў гэтым не студэнты і не выкладчыкі. Адхілілі прадстаўнікоў Беларусі пасля таго, як найвышэйшае беларускае кіраўніцтва падтрымала краіну-агрэсара ў расійска-ўкраінскай вайне.

— З Балонскага працэсу выключылі прадстаўнікоў Беларусі і Расіі — цяпер Беларусь не можа падпісваць якія-небудзь рэзалюцыі, абмяркоўваць нейкія рэформы вышэйшай адукацыі ў Еўропе, — расказвае ў інтэрв'ю Еўрарадыё міжнародны сакратар "Задзіночання беларускіх студэнтаў" Максім Зафранскі. — Аднак непасрэдна ў гэтай заяве Беларусь не пазначаецца ўвогуле ніяк.

Там ёсць фармулёўка: "Расія і краіны-суагрэсары ў ваенным канфлікце". Паводле апошняй справаздачы АБСЕ, на 1 красавіка Беларусь не з'яўляецца ўдзельніцай ваеннага канфлікту. У заяве, прынятай камітэтам Балонскага працэсу, ніяк не тлумачыцца, хто з'яўляецца суагрэсарам.

Парыжскі ўніверсітэт у Сарбоне / wikiway.com/france/parizh/sorbonna

— Для беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў сітуацыя зусім не змянілася. Студэнты, як і раней, могуць паехаць па абмене ў Еўропу. Выкладчыкі ў Еўропе могуць атрымаць стажыроўку, — працягвае Максім Зафранскі. — Варта адзначыць, што і да вайны ва Украіне гэта было праблематычна зрабіць.

Беларускія ўніверсітэты стваралі вельмі складаныя працэсы адбору, бюракратычныя цяжкасці. І калі некаторыя студэнты яшчэ маглі паехаць у Еўропу, то для выкладчыкаў гэта было практычна немагчыма. Вельмі часта назіраліся моманты кумаўства, калі дзеці прадстаўнікоў адміністрацый універсітэтаў маглі без асаблівых цяжкасцяў паехаць у Еўропу на адзін-два семестры.

Для беларускіх студэнтаў Балонскі працэс — гэта магчымасць пазнаёміцца з еўрапейскай сістэмай адукацыі / фота Annie Spratt / unsplash.com

Важна разумець, што адсутнасць прадстаўнікоў беларускага рэжыму ў Балонскім працэсе — гэта не выключэнне з яго Беларусі.

— У Балонскім працэсе няма такой працэдуры, як выключэнне краін з гэтага працэсу, — тлумачыць Максім Зафранскі. — А калі б такая працэдура была, то яна была б нашмат даўжэйшая і займала б нашмат больш часу, чым адна сустрэча прадстаўнікоў краін на якім-небудзь са з'ездаў.

Выключэнне прадстаўнікоў дзяржавы з Балонскага працэсу — добры ход. І гэта лепш, чым наогул выключэнне Беларусі з Балонскага працэсу. Калі б Беларусь выключылі з Балонскага працэсу, то ў будучыні краіне давялося б нанова падавацца, праходзіць усе этапы верыфікацыі. Гэта заняло б вельмі шмат гадоў.

Пры цяперашняй сітуацыі, калі ў Беларусь прыйдзе дэмакратыя, то вярнуць прадстаўнікоў дзяржавы будзе нашмат прасцей. Беларусь зможа вельмі хутка ўліцца ў прастору вышэйшай адукацыі Еўропы, працягнуць рэфармаванне нашай сістэмы адукацыі і гэтак далей.

З 2015 года Беларусь — частка Балонскага працэсу, што прадугледжвае не толькі пэўныя магчымасці для краіны (акадэмічныя абмены, прызнанне дыпломаў за мяжой), але і абавязацельствы па забеспячэнні ўсіх стандартаў. Гэта развіццё мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў, садзейнічанне еўрапейскаму супрацоўніцтву ў галіне адукацыі, забеспячэнне акадэмічных свабод.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.