Вы тут

Стала вядома, як Кітай адрэагаваў на візіт Пелосі на Тайвань

Кітай больш не хоча супрацоўнічаць з ЗША ў пытаннях змены клімату і дапамагаць у змаганні з міжнароднай злачыннасцю / pixabay

Кітай больш не будзе супрацоўнічаць з ЗША ў пытаннях змены клімату, спыніць вайсковыя перамовы і не будзе дапамагаць Вашынгтону ў змаганні з міжнароднай злачыннасцю, піша ВBС.

Пры гэтым у мінулыя гады па ўсіх гэтых кірунках КНР даволі цесна супрацоўнічалі са Штатамі. Так, на кліматычным саміце ў Глазга Кітай паабяцаў працаваць разам з ЗША, каб скараціць выкіды і прыпыніць змены клімату. Таксама краіны ядналі высілкі ў змаганні з нелегальным гандлем наркотыкамі.

Усе гэтыя змены — рэакцыя на візіт дэлегацыі амерыканскага Кангрэса на чале з высокапастаўленым палітыкам, дэмакратам Нэнсі Пелосі на Тайвань. Кітай таксама абвясціў, што ўводзіць санкцыі асабіста супраць Пелосі і яе сям'і, бо разглядае яе візіт як выклік і заяву на магчымае прызнанне суверэнітэту Тайваня.

Афіцыйны прадстаўнік кітайскага МЗС Хуа Чунхін правяла ў паведамленні ў Twitter балючую для ЗША аналогію з Джорджам Флойдам, чыя смерць у 2020 годзе справакавала масавыя пратэсты супраць праяў расізму.

“Мы не можам дазволіць ЗША лічыць сябе “сусветным паліцыянтам” і паводзіць сябе з іншымі краінамі як з Джорджам Флойдам”, — напісала Хуа Чунхін.

Прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П'ер заявіла, што Пелосі “мела поўнае права” паехаць на Тайвань, а адказ Кітая назвала “фундаментальна безадказнымі” мерамі. Белы Дом заявіў, што працягне падтрымваць сувязь з Пекінам, але таксама працягне бараніць і ўласныя каштоўнасці і інтарэсы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.