Стала вядома, калі і дзе пахаваюць першага прэзідэнта Украіны

Леанід Краўчук / ТАСС
Леанід Краўчук / ТАСС

Першага прэзідэнта Украіны Леаніда Краўчука пахаваюць у Кіеве 17 траўня, пра гэта паведамляе УНІАН. Паводле звестак СМІ, цела Краўчука даставяць у Кіеў з Мюнхена. Перад гэтым адбудзецца развітанне.

Першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук памёр 10 траўня ў Германіі, дзе праходзіў рэабілітацыю пасля аперацыі на сэрцы. Ён перанёс дзве такія аперацыі — у 2017 і 2021 гадах. Пасля апошняй аперацыі Краўчук больш за месяц правёў у рэанімацыі на апараце ШВЛ. Пазней яго накіравалі на рэабілітацыю ў Германію. У лістападзе журналіст Дзмітрый Гардон паведамляў, што Краўчук пайшоў на папраўку і пачаў гаварыць.

Леаніду Краўчуку было 88 гадоў. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на смерць Краўчука — сказаў, што той "быў не проста палітыкам і нават не проста гістарычнай фігурай. Ён быў тым чалавекам, які ўмеў знайсці мудрыя словы і сказаць іх так, каб пачулі ўсе ўкраінцы".

"Вечная павага і памяць першаму Прэзідэнту Незалежнай Украіны", — сказаў Зяленскі.

За тыдзень да смерці Краўчука пайшоў з жыцця першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Шушкевіч, Краўчук і прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын у 1991 годзе падпісалі ў Белавежскай пушчы пагадненне, якое паставіла кропку ў гісторыі СССР.  Беларуская ўлада публічна не адрэагавала на сыход Шушкевіча. У родных да апошняга не было нават адказу на пытанне, ці дазволяць пахаваць Станіслава Станіслававіча на Паўночных могілках Мінска.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі