"Справядлівы свет" не сабраў 5000 сябраў, але падае дакументы на перарэгістрацыю

Сяргей Калякін / З архіва Еўрарадыё
Сяргей Калякін / З архіва Еўрарадыё

Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" збіраецца падаць дакументы на перарэгістрацыю 2 чэрвеня. Днямі прайшоў партыйны з'езд. Як кажа ў гутарцы з "Народнай воляй" кіраўнік "Справядлівага свету" Сяргей Калякін, персанальныя даныя людзей Мінюсту не паведамяць. Пры гэтым патрэбную колькасць сябраў (5 тысяч чалавек) партыя не мае.

"Мы падаем тую колькасць, якая ў нас ёсць, — кажа Калякін. — Мы не хочам самаліквідавацца, таму накіроўваем дакументы ў Мінюст, і хай яны прымаюць рашэнне".

Напярэдадні стала вядома, што дакументы на перарэгістрацыю падала ў Міністэрства юстыцыі Беларуская партыя "Зялёныя". Яна таксама не далучыла спіс партыйцаў.

Прадстаўнікі рэжыму неаднаразова заяўлялі, што пасля перарэгістрацыі ў Беларусі застануцца 3-4 "лаяльныя" яму палітычныя партыі. Першую рэгістрацыю паводле новых правілаў атрымала новаствораная праўладная партыя "Белая Русь".

На сённяшні дзень кіраўнік АГП Мікалай Казлоў і кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў знаходзяцца ў зняволенні. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі