Вы тут

Сотні ракет, ахвяры з двух бакоў — чарговае супрацьстаянне ў Ізраілі

Сітуацыю ў зоне канфлікту абмяркуюць на экстранным пасяджэнні Рады Бяспекі ААН​ / Reuters

Як мінімум дзве ізраільскія жанчыны загінулі ў Ашкелоне падчас ракетнага абстрэлу, які вядуць ісламісты з сектара Газа. Яшчэ адна ракета трапіла ў аўтобус у горадзе Халон пад Тэль-Авівам, людзей у ім не было, і ў гэтым выпадку ніхто не пацярпеў.

Усяго за некалькі сутак па ізраільскіх гарадах былі выпушчаныя сотні ракет. У Тэль-Авіве, у прыватнасці, апоўначы на сераду былі чутныя сірэны паветранай трывогі, людзі былі вымушаныя хавацца ў хованках.

На некаторы час спыніў працу галоўны аэрапорт Ізраіля "Бэн Гурыён", ракеты патрапілі ў трубаправод паміж гарадамі Эйлат і Ашкелон, паведамляе ВВС.

Пазбягаць вялікіх ахвяр да гэтага часу ўдавалася дзякуючы ізраільскай сістэме супрацьпаветранай абароны "Жалезны купал", якая перахоплівае большасць ракет.

Палестынскі бок у сваю чаргу заяўляе, што ахвярамі зваротных ізраільскіх удараў сталі 35 чалавек. Пра гэта паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на звесткі Міністэрства аховы здароўя анклава. Сярод загінуўшых ёсць і дзеці.

Між тым ізраільскія вайскоўцы паведамілі аб ліквідацыі двух ключавых фігур з разведкі палестынскага руху ХАМАС: атрымалася знішчыць "Хасана Каўджы, кіраўніка аддзела бяспекі вайсковай выведкі ХАМАС, і ягонага намесніка Ваіля Ісу, начальніка аддзела контрразведкі", —  гаворыцца ў паведамленні Войска абароны Ізраіля, размешчаным у Twitter.

Акрамя таго, ізраільскія ракеты знішчылі 13-павярховы будынак у Газе "Бурдж-Ханади". Тут знаходзіліся офісы руху ХАМАС. Пры гэтым паведамлялася, што прыкладна за паўтары гадзіны да ўдару Ізраіль папярэдзіў мясцовых жыхароў, каб яны тэрмінова эвакуяваліся.

У сераду Рада Бяспекі ААН збярэцца на экстраным пасяджэнні. Будуць абмяркоўваць эскалацыю напружанасці ў зоне палесціна-ізраільскага канфлікту. Пра гэта ТАСС распавяла яго крыніца ў Радзе бяспекі.

Абстрэлы і авіяўдары пачаліся ў Ізраілі ў панядзелак. Гэтаму папярэднічалі канфлікты на Храмавай гары ў Ерусаліме. Адной з прычын гэтых канфліктаў было рашэнне Ізраільскага суда выселіць некалькі палестынскіх сем'яў з раёна Шэйх-Джарр ва Усходнім Ерусаліме, каб пабудаваць там новыя дамы. Акрамя таго, мусульман вырашылі не дапускаць на Святую для іх Храмавую гару падчас Дня Ерусаліма ў панядзелак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.