Сочым за парадкам, мы ж беларусы: як жыве намётавы лагер на мяжы

Намётавы лагер каля памежнага пераходу "Мядзінінкай" на літоўска-беларускай мяжы / "Новая газета — Балтия"
Намётавы лагер каля памежнага пераходу "Мядзінінкай" на літоўска-беларускай мяжы / "Новая газета — Балтия"

Ля дарогі каля памежнага пераходу "Мядзінінкай" на літоўска-беларускай мяжы стаяць намёты, на ветры лунаюць бел-чырвона-белыя і літоўскія трохкаляровыя сцягі. Уздоўж трасы прымацаваныя партрэты ахвяр рэпрэсій у Беларусі. Людзі з плакатамі прывітальна махаюць аўтамабілям, многія сігналяць у адказ. Гэты намётавы лагер пратэсту з'явіўся ў Літве 5 чэрвеня. Такі ж лагер ёсць і ў Польшчы на мяжы з Беларуссю, паблізу памежнага пераходу "Баброўнікі — Бераставіца".

Пачаць дэманстрацыі ля межаў з Беларуссю заклікаў адзін з лідараў беларускай апазіцыі Павел Латушка, каб ЕС увёў больш "цвёрдыя і эфектыўныя" санкцыі супраць уладаў Беларусі. А ад кіраўніцтва Беларусі пратэстоўцы патрабуюць вызвалення ўсіх палітвязняў і адкрыцця наземных межаў для грамадзян. Пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair беларусы апынуліся нібы ў пастцы: большасць авіярэйсаў адменена, а сухапутныя межы закрытыя для ўсіх, акрамя афіцыйных дэлегацый і асоб, якія едуць у службовыя камандзіроўкі, на лячэнне або на пахаванне блізкіх сваякоў.

Следим за порядком, мы же белорусы: как живёт палаточный лагерь на границе
Намётавы лагер каля памежнага пераходу "Мядзінінкай" на літоўска-беларускай мяжы / "Новая газета — Балтия"

На заклік Латушкі адгукнуліся беларусы, якія атрымалі прытулак у Літве з гуманітарных прычын. Першапачаткова да гэтых пратэстаў былі датычныя некалькі беларускіх няўрадавых арганізацый, але цяпер удзельнікі лагера кажуць, што самі скаардынавалі свае дзеянні праз тэлеграм.

У лагеры сабраліся людзі розных палітычных перакананняў, прадстаўнікі некалькіх ініцыятыў і НДА, а таксама тыя, хто не залічвае сябе ні да якіх арганізацый. Многія з іх не знаёмыя адно з адным. Некаторыя жыхары лагера прасілі не здымаць іх твары — у іх ёсць падставы баяцца за родных у Беларусі. "Новая газета — Балтия" паразмаўляла з удзельнікамі акцыі.

— Хто вас арганізаваў, як усё пачалося? — цікавіцца карэспандэнт у ветлівай дзяўчыны з косамі і белымі і чырвонымі бантамі. 
— Людзі самі арганізаваліся, — усміхаецца яна.

Гэта Марына Гарбусь з Мінска, мама дваіх дзяцей, актывістка кампаніі "Страна для жизни". Яна працавала ў штабе Святланы Ціханоўскай у час перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі ў 2020 годзе. Яе муж быў арыштаваны, у Беларусі ёй пагражае турэмны тэрмін за палітычную актыўнасць, таму яна ўцякла з сям'ёй у Літву.

Марына кажа, што літоўскія беларусы хацелі паўтарыць акцыю польскіх Беларусаў, арганізаваную Латушкам. Атрымалі дазвол на яе правядзенне за некалькі дзён:

"Адразу ўзялі ўсё, што было: намёты, пледы, скінуліся грашыма, купілі ежу і проста сюды прыехалі. І калі мы ўжо былі тут, знялі відэа, закінулі ў чат, што вось мы тут і ўсё выдатна, далучайцеся…

І шмат людзей далучылася, на адкрыцці было каля ста чалавек. Праблема яшчэ ў тым, што сюды складана дабрацца, не ходзяць аўтобусы, таму людзі (з машынамі) прыязджалі, выгружалі партыю людзей, з'язджалі назад, прывозілі новых. На выходных людзей больш", — тлумачыць Марына.

Адна з актывістак лагера, Марыя Матусевіч, дадае, што тэрыторыю лагера пазначылі сцягамі, нагадалі пра палітвязняў.

"Ну і неяк усё арганізавалася, і ўсё працягваецца. Я не ведаю, ці ёсць тут нейкі галоўнакамандуючы, можа, я чагосьці не ведаю, але людзі тут неяк самаарганізоўваюцца, і ўсе самі на падхваце адно ў аднаго, калектыўнае прыняцце рашэнняў", — працягвае Марына Гарбусь.

Будні

У будныя дні ў лагеры жывуць тыя, хто можа працаваць аддалена, як Марына. Яна кажа, што на ноч тут у сярэднім застаюцца 20-30 чалавек, ёсць начныя дзяжурствы для аховы лагера, днём людзей становіцца больш — каля 50 чалавек. "Мы працуем, усе ў камп'ютары, у тэлефоне, сядзіш, працуеш".

Следим за порядком, мы же белорусы: как живёт палаточный лагерь на границе
Марына Габрусь / "Новая газета — Балтия"

У Літве лагеру дапамагаюць звычайныя людзі: прывозяць прадукты і ваду, дораць намёты, іншыя неабходныя для лагера рэчы. Хтосьці прыязджае забраць мяшкі з рассартаваным смеццем, хтосьці прывозіць людзей, якія не маюць свайго транспарту. Людзі самі абмяркоўваюць спосабы ўцяплення намётаў, генератар электраэнергіі і душ.

"Я не ўпэўненая, што наогул патрэбны чалавек, які павінен за парадкам у лагеры сачыць. Зразумела, што ёсць агульныя правілы бяспекі, і пра правілы ПДР нам нагадваюць мытнікі, паліцэйскія, а так кожны сам за сябе адказвае і ўсе чыстыя і акуратныя", — дадае Марыя Матусевіч.

Распарадак дня тут свабодны, людзі ядуць, калі каму зручна: прадукты і вада ў павільёне каля намётаў. Далей ад дарогі стаіць стол з ежай, садавіной, вадой, кавай і гарбатай. Булачкі з тварагом зусім свежыя: хтосьці прывёз зусім нядаўна. Побач месца для вогнішча. Падышоў хлопец, забраў  2 мяшкі са смеццем, якія стаялі побач. Не, ён не адказны за смецце, проста цяпер у яго быў час і ён заехаў па мяшкі.

Недалёка ад лагера аўтазапраўка, і там ёсць смеццевыя кантэйнеры, але іх імкнуцца не перагружаць, таму смецце вывозяць: "Сочым за парадкам — мы ж беларусы". Прыбіральня знаходзіцца на гэтай аўтазапраўцы, усе свабодна ёю карыстаюцца — там усё чыста і акуратна. Работніца аўтазапраўкі ставіцца да ўдзельнікаў лагера добразычліва.

"Няма адказнага за чысціню, самі ўсё за сабой прыбіраюць — успомніце, як беларусы ў час пратэстаў разуваліся, калі ўставалі нагамі на лавачкі", — заўважае яшчэ адна ўдзельніца лагера.

Дзейнічаць рашуча

8 чэрвеня пратэстоўцы планавалі блакаваць рух грузавога транспарту, але пасля размоў з паліцэйскімі абмежаваліся сімвалічным шэсцем па трасе.

"Ну, калі шчыра, я дастаткова радыкальных поглядаў, трэба перакрываць дарогу, якіх бы штрафаў гэта ўсё ні каштавала... Ну а колькі можна карміць рэжым Лукашэнкі, колькі яшчэ жыццяў будзе каштаваць існаванне гэтага рэжыму. Мяне асабіста гэта закранула, а колькіх яшчэ людзей, якіх я не ведаю, але за якіх душа баліць", — кажа Марыя Матусевіч, грамадзянка Літвы.

Ёй 22 гады, яна беларуска і амаль усё жыццё пражыла ў Беларусі, там скончыла школу і вучылася ў БДУ. За ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Мінску ў жніўні 2020 года яна была затрыманая і збітая ў ізалятары на Акрэсціна. Пасля вызвалення Марыя выехала ў Літву і тут ужо атрымала паведамленне пра штрафы і ануляванне яе віду на жыхарства ў Беларусі.

Следим за порядком, мы же белорусы: как живёт палаточный лагерь на границе
Марыя Матусевіч / "Новая газета — Балтия"

"Само знаходжанне тут людзей, а некаторыя начуюць тут з самага пачатку лагера, ужо пра нешта кажа, гэта ўжо вялікая справа. А перакрыццё дарог будзе яшчэ больш значным. Я ведаю, што тут хапае людзей для гэтага, часткова перакрыць дарогу можна", — лічыць Марыя Матусевіч.

Пікеты ля амбасады РБ вычарпалі сябе, кажа Сяргей Шалыгін: "Дальнабойшчыкі ведаюць пра наш лагер, многія пад'язджаюць і пытаюцца, калі вы ўжо перакрыеце [дарогу]".

Сяргей — адзін са стваральнікаў анлайн-платформы назірання за выбарамі "Зубр". Ён былы ваенны геадэзіст, пасля звальнення стаў IT-спецыялістам. З Беларусі быў вымушаны ўцякаць пасля пераследу за працу ў штабе Сяргея Ціханоўскага. Разам з ім у лагеры яго дачка-студэнтка. Сяргей Шалыгін за тое, каб блакаваць дарогі на нейкі час на працягу сутак, каб утварыліся чэргі і грузаперавозчыкі самі сталі б аб'язджаць Беларусь.

Следим за порядком, мы же белорусы: как живёт палаточный лагерь на границе
Сяргей Шалыгін / "Новая газета — Балтия"

"Разумеем рэакцыю літоўскіх сілавых ведамстваў, з павагай да іх ставімся, і яны разумеюць нас. Па законе гэта не дазволена, гэта перашкода транспартнаму патоку... Заўсёды можна знайсці рашэнне, я прапаноўваў, каб не карміць рэжым Лукашэнкі, развярнуць транспартныя патокі ў абыход Беларусі", — кажа Шалыгін.

Бестэрміновая акцыя пратэсту ў намётавым лагеры ўзгодненая з мясцовымі ўладамі і ў Польшчы, і ў Літве, але на блакаванне дарог дазволу ўладаў не было. У дзень візіту карэспандэнтаў "Новой газеты — Балтия" ў лагер прыехала шмат журналістаў, прыбылі некалькі паліцэйскіх машын. Ніякіх інцыдэнтаў не было, паліцэйскія ветліва і спакойна пагаварылі з удзельнікамі лагера.

Цяпер удзельнікі акцыі чакаюць навін 14 і 16 чэрвеня, калі будзе рэзалюцыя ЕС па Беларусі і сустрэча прэзідэнтаў Расіі і ЗША ў Жэневе.

Людзі з Беларусі тужаць па пакінутых дамах, сябрах і блізкіх. Яны ўцяклі ад пераследаў, катаванняў і арыштаў і не могуць вярнуцца дадому без рызыкі трапіць у турму. Многія з іх перажылі фізічнае збіццё і катаванні. Удзельнікі лагера кажуць, што яны тут, бо перакананыя — гэта дапаможа ім хутчэй вярнуцца дадому.

Следим за порядком, мы же белорусы: как живёт палаточный лагерь на границе
Намётавы лагер каля памежнага пераходу "Мядзінінкай" на літоўска-беларускай мяжы / "Новая газета — Балтия"

Вечарамі ў лагеры ўсе збіраюцца ля вогнішча, пякуць бульбу, смажаць сасіскі, спяваюць песні і расказваюць свае гісторыі.

"Тут за лесам літаральна наша Беларусь, і мы начамі вельмі моцна настальгуем, што вось наша краіна, там нашы блізкія, наш дом, і вельмі цягне туды пайсці, але ты разумееш, што туды нельга…

Бывае балюча, многія выязджалі праз гэту мяжу, і часам так проста агортвае — успаміны, як мы ўцякалі, як мы хаваліся, як мы плакалі... Мы сюды пераехалі, але мы вельмі хочам вярнуцца. Мы сюды пераехалі, але я ні дня не працую на сябе, уся мая праца ідзе на дапамогу палітвязням, для Беларусі.

Чаму я знаходжуся тут, хоць у мяне дома двое дзяцей? Таму, што я хачу вярнуцца, і мы ўсе тут хочам вярнуцца, і мы верым, што мы абавязкова вернемся", — кажа Марына Гарбусь.

Таццяна Поклад, "Новая газета — Балтия"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі