Сныціна пра прапанову МАК: Нельга нават на дзень спыняць ціск

Кацярына Сныціна / Еўрарадыё

Кацярына Сныціна / Еўрарадыё / Еўрарадыё

Да летняй Алімпіяды ў Парыжы засталося ўсяго паўтара года, таму наўрад ці варта чакаць там удзел спартоўцаў з Беларусі і Расіі. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё заявіла баскетбалістка Кацярына Сныціна:

“Да Алімпіяды засталося паўтара года, але адборачныя кваліфікацыі на некаторыя віды спорту ўжо пачаліся ці вось-вось пачнуцца. Мне здаецца, што Францыя наўрад ці зможа на гэта паўплываць, бо заўсёды ёсць грамадскі ціск і ціск арганізацый, якія могуць паўплываць на міжнародныя федэрацыі пра допуск ці недопуск беларускіх ці расійскіх спартсменаў”.

Сныціна прыводзіць прыклад з баскетболам:

“Каб зборная Беларусі прыняла ўдзел у Алімпіядзе, то яна павінна ўжо гэтым летам удала выступіць на Чэмпіянаце свету, адкуль яны змогуць патрапіць на кваліфікацыю і толькі потым на алімпійскія гульні. Але на дадзены момант Міжнародная федэрацыя баскетболу не здымае з іх бан. Значыцца, яны не змогуць патрапіць на Чэмпіянат свету і кваліфікавацца”.

Баскетбалістка звяртае ўвагу, што ёсць віды спорту, чые федэрацыі ўжо пачалі здымаць гэтыя баны.

“Тое, што МАК учора агучыў, гэта чарговы напамін пра тое, што нельга нават на дзень спыняць грамадскі ціск і ціск іншых структур пра допуск спартоўцаў з краінаў-агрэсараў. Інакш гэтая вайна стане нечым звычайным і прымальным у нашым свеце”.

Раней Міжнародны Алімпійскі камітэт рэкамендаваў дапусціць беларусаў і расіян да міжнародных спаборніцтваў у нейтральным статусе. Такое выключэнне зробяць для спартоўцаў, якія не падтрымліваюць вайну ва Украіне. Пры гэтым рэкамендацыя датычыць толькі індывідуальных відаў спорту. Каманды з Беларусі і Расіі не могуць разглядацца ў якасці ўдзельнікаў міжнародных турніраў.

Пытанне пра ўдзел беларускіх і расійскіх спартоўцаў на Алімпіядах 2024 і 2026 гадоў пакуль не разглядалася. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі