Вы тут

СМІ: махляры завезлі мігрантаў на ўсход Беларусі, абяцаючы пераход у Польшчу

Мігранты ў Беларусі / sb.by, ілюстрацыйнае фота

Тры дубровенскія махляры вырашылі нажыцца на міграцыйным крызісе, піша orsha.eu.

Яны паабяцалі групе мігрантаў пераправіць іх у Польшчу. Аднак замест захаду Беларусі завезлі іх на ўсход — у вёску Дубровенскага раёна. Мігрантам сказалі, што за чыгункай пачынаецца Польшча, хаця там быў толькі іншы сельсавет таго ж Дубровенскага раёна.

Атрымаўшы грошы з мігрантаў адзін раз, зламыснікі вырашылі нажыцца паўторна. Адзін з іх прыйшоў да мігрантаў у форме памежніка (раней служыў у памежных войсках) і запатрабаваў грошы за перавод на іншы бок мяжы. А потым заявіў, што гэтага мала, і мігрантам прапанавалі звязацца з роднымі, каб тыя выслалі яшчэ грошай.

Сваякі, аднак, грошай не даслалі. Дубровенцы тым часам трымалі мігрантаў у неацяпленым доме ў маланаселенай вёсцы. Ёсць непацверджаныя звесткі, быццам мігрантаў нават пачалі катаваць, патрабуючы грошы. 

Аднак неўзабаве пра "гасцей" даведаліся міліцыянты. Дом узялі штурмам супрацоўнікі АМАПа. Арабаў змаглі вызваліць, але злачынцаў затрымаць удалося не ўсіх. Адзін з іх уцёк і быў абвешчаны ў вышук. 

Паведамляецца, што некаторым мігрантам спатрэбілася медыцынская дапамога.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.