"Слесараў адпраўляць ці што?": прыватны завод у Гомелі прымушаюць саджаць дрэвы

Завод "Сантэкс" / google.com/maps
Завод "Сантэкс" / google.com/maps

"Я працую тут амаль 20 гадоў і з такім менавіта абсурдам сутыкнулася ўпершыню", — расказвае Еўрарадыё памочніца дырэктара СЗАТ "Сантэкс" Таццяна Беламутава. Абурэнне выклікала пісьмовае распараджэнне, якое прыйшло на недзяржаўны гомельскі завод з адміністрацыі Савецкага раёна.

Работнікаў "Сантэкс" паставілі перад фактам: "ТЭРМІНОВА! У вясновы перыяд 2021 года Ваша прадпрыемства (арганізацыя) будзе ажыццяўляць работы па пасадцы дрэў" на тэрыторыі раёна.

У сувязі з гэтым да 28 лютага завод абавязваюць заключыць дамовы з лясгасамі і гадавальнікамі, да 1 сакавіка адабраць саджанцы і да 1 красавіка заплаціць за іх пастаўку.

Больш за тое: у тэрмін да 20 сакавіка "неабходна падрыхтаваць не менш за два калкі жоўтага колеру для кожнага саджанца, гофру, падвязачны матэрыял, грунт, вызначыцца з тым, як будзе ажыццёўлены паліў саджанцаў пры пасадцы і далей згодна з графікам паліву да перадачы іх на баланс эксплуатавальнай арганізацыі".

“Слесарей отправлять или что?”: частный завод в Гомеле заставляют сажать деревья
Распараджэнне адміністрацыі Савецкага раёна горада Гомеля / чытачы Еўрарадыё

"Нам што — здымаць людзей з працы?"

Згодна з дакументам, пасадку дрэў неабходна ажыццявіць з 20 сакавіка да 20 красавіка 2021 года. Такі падыход адміністрацыі раёна нагадвае перадпершакрасавіцкі жарт.

"Калі на тое, гэта не па профілі, — кажа памочніца дырэктара. — Што значыць, мы пасадзім? Хто і як пасадзіць? Абы-як? Гэта выкінутыя грошы! Мы не супраць саджаць дрэвы, усё гэта добра. Але мы не ведаем, якія дрэвы, як іх правільна саджаць, іх жа і паліваць трэба. У горадзе ёсць арганізацыі, якія займаюцца азеляненнем. Калі ў іх няма грошай, то можна проста папрасіць грошай, а не тое, каб мы іх самі закуплялі і саджалі.

Мы наогул займаемся металаапрацоўкай. Нам што — здымаць людзей з працы? Слесараў адпраўляць саджаць дрэвы ці што? А паліваць іх яны будуць хадзіць пешшу, таму што машын у нас няма. Гэта нейкі абсурд".

Таццяна расказвае, што за час яе працы на прадпрыемстве здаралася ўсякае: маглі, напрыклад, папрасіць вылучыць грошы на закупку інвентара да Дня горада, павіншаваць ветэранаў з якім-небудзь святам, прыбраць тэрыторыю... У залежнасці ад сітуацыі на "Сантэкс" прымалі рашэнне — "калісьці адмаўлялі, калісьці не".
 

Гэта гэтаксама добраахвотна-прымусова, як падпісвацца на дзяржСМІ

У лісце з адміністрацыі раёна не пазначана, колькі канкрэтна дрэў павінны пасадзіць завадчане, а напісана, што "колькасць даведзеная па тэлефоне". На заводзе гавораць пра сто саджанцаў.

"Гэта вусная дамоўленасць, тэлефанавалі нашаму ідэолагу, — тлумачыць суразмоўніца. — Апошнія гады два такую інфармацыю пісьмова не даводзяць. Двума-трыма дрэвамі дакладна не абыдзецца — усё-такі завод, сярэдні бізнес".

Памочніца дырэктара мяркуе, што абавязваць недзяржаўнае прадпрыемства закупляць саджанцы і саджаць дрэвы — тое самае, што прымушаць яго афармляць ведамасную падпіску:

"Раней у адміністрацыі абмяркоўвалі, на колькі выданняў мы павінны падпісацца, зацвярджалі і пісьмова даводзілі да нас, цяпер проста тэлефануюць: "Трэба падпісацца на столькі і столькі". Гэта тое самае. Законна? Не. Гэта ўсё добраахвотна-прымусова".

"Мы плануем праводзіць мерапрыемствы па азеляненні, і нашы прадпрыемствы нам дапамагаюць", — кажа Еўрарадыё начальнік жыллёва-камунальнага аддзела і добраўпарадкавання адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля Андрэй Харыбін. На падставе якога закона можна абавязаць недзяржаўнае прадпрыемства закупляць саджанцы, саджаць дрэвы і арганізоўваць іх догляд, чыноўнік каментаваць адмовіўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі