Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на праваабарончы цэнтр "Вясна"

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на праваабарончы цэнтр "Вясна"

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце дзейнасці праваабарончага цэнтра "Вясна" (зачыненага ўладамі).

Як паведамляецца на сайце праваабаронцаў, справа пачатая паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Расследуе яе Галоўнае ўпраўленне па расследванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Цэнтральнага апарата Следчага камітэта.  

У рамках справы праходзяць ператрусы ў офісах рэгіянальных аддзяленняў "Вясны" і ў кватэрах праваабаронцаў, іх выклікаюць на допыты ды інш.

Следства заяўляе, быццам “Вясна” ажыццяўляе фінансаванне ды іншае матэрыяльнае забеспячэнне незаконных масавых мерапрыемстваў.  

"Трэба адзначыць, што напярэдані гэтых падзеяў па падобных абвінавачваннях былі ўзятыя пад варту праваабаронцы і валанцёры ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца, а па дзяржаўным тэлебачанні вядзецца прапагандысцкая інфармацыйная кампанія, у якой ПЦ “Вясна” фактычна абвінавачваюць у тэрарыстычнай дзейнасці", — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Яны падкрэсліваюць, што дзейнічаюць "у адпавденасці з Дэкларацыяй аб праве і абавязках асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, якая гарантуе права кожнага індывідуальна альбо ў групе асобаў абараняць правы іншых. Такая дзейнасць цалкам адпавядае Канстытуцыі Беларусі і павінна быць гарантаваная з боку дзяржавы".

Правабаронцы кажуць, што ўсе 25 гадоў сваёй дзейнасці сутыкаюцца з перашкодамі з боку дзяржавы. У 2003 годзе арганізацыя была незаконна пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі. (Камітэт па правах чалавека ААН загадаў Беларусі адмяніць гэтае рашэнне, але афіцыйны Мінск яго праігнараваў.) 

У сітуацыі вострага крызісу з правамі чалавека ў Беларусі "Вясна" займаецца дапамогай ахвярам палітычных рэпрэсій і масавых парушэнняў правоў чалавека. "Мы расцэньваем пачатак крымінальнага пераследу па факце дзейнасці ПЦ “Вясна” як чарговы пераслед у сувязі з нашай актыўнай праваабарончай дзейнасцю з боку існуючага аўтарытарнага палітычнага рэжыму А. Лукашэнкі, які адбываецца на фоне беспрэцэдэнтных рэпрэсій у краіне", — заяўляюць праваабаронцы.

Яны падкрэсліваюць, што беларускія ўлады парушаюць шэраг міжнародных пагадненняў, якія падпісала Рэспубліка Беларусь. 

ПЦ "Вясна" патрабуе неадкладна спыніць крымінальны пераслед як самой аргнаізцыі, так і яе ўдзельнікаў; неадкладна вызваліць з-пад варты праваабаронцаў і валанцёраў ПЦ “Вясна” Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу, а таксама Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага з Офіса па правах людзей з інваліднасцю ды сотні іншых палітычных зняволеных. Яны патрабуюць спыніць арышты і судовы пераслед праваабаронцаў у Беларусі і гаратнаваць ім магчымасць законна займацца сваёй дзейнасцю "без абмежаванняў і без страху помсты, у тым ліку без рызыкі судовага пераследу".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі