Вы тут

Следчы камітэт дамагаецца экстрадыцыі Святланы Ціханоўскай

Следчы камітэт хоча экстрадыцыі Ціханоўскай / sk.gov.by

Чатыры давераныя асобы Святланы Ціханоўскай з гомельскага штаба абвінавачаныя ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 293) і падрыхтоўцы да захопу будынкаў і збудаванняў (ч. 1 арт. 13, ч. 1 арт. 292). Іх справа вылучаная са "справы Ціханоўскага", паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Як заяўляе следства супрацоўнікі ГУБАЗіК праводзілі аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Яны атрымалі інфармацыю, што людзі з найбліжэйшага атачэння Ціханоўскай рыхтуюцца да масавых беспарадкаў і захопу будынкаў дзяржаўных органаў у Гомелі. Саюзнікаў сабе гамельчукі шукалі сярод былых вайскоўцаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 5 жніўня план дзеянняў абмяркоўваўся на сустрэчыу, на якой прысутнічала і сама Ціханоўская. Следчыя апублікавалі ўрывак аператыўных здымак з гомельскага штаба.

На відэа людзі абмяркоўваюць захоп адміністрацыйных будынкаў. Жанчына, падобная да Ціханоўскай, ставіцца да іх прапановаў скептычна і нагадвае, што пасля арышту Сяргея Ціханоўскага за яго ніхто не выйшаў. Таксама абмяркоўваецца закупка электрашокераў, газавых балончыкаў, рацый, мегафонаў, мікрафонаў ды іншых прадметаў.

Як паведамляе СК, асноўныя фігуранты былі затрыманыя міліцыяй з 6 па 8 жніўня 2020 года.

Фанаскапічная экспертыза пацвердзіла, што галасы на відэазапісе належаць абвінавачаным, Ціханоўскай і яе давераным асобам.

Усіх затрыманых узялі пад варту. Ціханоўская абвешчаная ў вышук. Дакументы на яе экстрадыцыю перададзеныя ў Генеральную пракуратуру.

Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.