Вы тут

Складаны і непразрысты механізм — у ЕС пракаментавалі контрсанкцыі Беларусі

Будынак Еўракамісіі ў Брусэлі​

Як складаны і непразрысты механізм ацаніў беларускі адказ на еўрапейскія санкцыі афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнай службы Еўрасаюза Пітэр Стана. Пракаментаваць санкцыі Беларусі супраць ЕС яго папрасіла РІА "Новости".

Урад Беларусі днямі ўвёў забарону на ўвоз у краіну і продаж тут шэрагу харчовых тавараў з ЕС, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі і іншых краін. Харчовае эмбарга будзе дзейнічаць паўгода, пачынаючы з 1 студзеня.

"Прыняцце пастановы аб гандлёвых абмежаваннях ўсталёўвае вельмі складаны і непразрысты механізм гандлёвых абмежаванняў. Мы вывучаем яго змест і разумеем, што некаторыя абмежаванні яшчэ патрабуецца вызначыць", — сказаў Пітэр Стана.

З пастановы незразумелыя ні маштабы, ні спосабы рэалізацыі гэтых санкцый. Няма яснасці і  наконт даступных спосабаў юрыдычнага аспрэчвання беларускіх абмежаванняў у судзе, кажуць у Брусэлі.

"Мы падкрэсліваем, што абмежавальныя меры ЕС празрыстыя, прымаюцца на аснове кансенсусу дзяржавамі — членамі ЕС і заснаваныя на доказах неправамерных дзеянняў, такіх як парушэнні правоў чалавека і выкарыстанне мігрантаў. Іх таксама можна абскардзіць у судзе ЕС", — нагадаў Стана.

Харчовае эмбарга стала адным з адказаў Мінска на пяты пакет санкцый ЕС супраць Беларусі. Новы пакет абмежаванняў прынялі ў мінулы чацвер. Пад абмежаванні трапілі 17 беларускіх фізічных асоб і 11 арганізацый. У выніку агульная колькасць фігурантаў антыбеларускіх санкцый Еўрасаюза ўзрасла да 183 фізічных асоб і 26 арганізацый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.