Вы тут

Склад крадзенага: як беларускія ідэолагі шукаюць нацыянальную ідэю

Скрыншот з ток-шоу "Па сутнасці"

Ток-шоу "Па сутнасці" на канале СТБ зрабіла выпуск пра нацыянальную ідэю Беларусі. У праграме ўзялі ўдзел дэпутатка Лілія Ананіч, блогер Аляксей Голікаў, гісторык (і дэпутат) Ігар Марзалюк, дэкан філасофскага факультэта Вадзім Гігін.

Расійскі філосаф Максім Гаруноў, які ўжо амаль тры гады вядзе на Еўрарадыё праграму "Ідэя Х", прысвечаную пошукам нацыянальнай ідэі, адазваўся на з'яўленне "канкурэнтаў" з'едлівым тэкстам.

Перадача, як і наогул усё "дзяржтэлерадыё" Беларусі, аказалася падобнай да прыдворнага тэатра для адзінага гледача — Аляксандра Лукашэнкі. Удзельнікі шоу добра ведаюць густы свайго адзінага гледача. Тэзісы экспертаў, касцюмы вядоўцаў, жэсты, макіяж і манера гаварыць — усё зроблена так, каб ён штохвілінна ківаў і падтакваў, калі ўжо раптам вырашыць паглядзець перадачу: так-так, вось гэта вы добра заўважылі, так-так, так яно і ёсць, малайцы.

Для чалавека збоку, які нічога не ведае пра густы адзінага гледача, ток-шоу здасца дзіўным і месцамі пазбаўленым сэнсу. Па-першае, чаму яно цалкам на рускай мове? Быццам бы гаворка пра нацыянальную ідэю Беларусі, у якой ёсць свая мова, не такая, як у Маскве. Ці нармальна гаварыць пра нацыянальную ідэю, не выкарыстоўваючы нацыянальную мову? У перадачы нідзе не было пазначана, што ток-шоу выйшла ў рамках асобнага вяшчання для рускамоўных грамадзян.

Па-другое, і вядоўцы, і ўдзельнікі праграмы падазрона падобныя да сваіх калег з расійскіх прапагандысцкіх ток-шоу, якія з'явіліся з пачаткам "рускай вясны". Прычоска жанчыны-вядоўцы, пінжак мужчыны-вядоўцы, то, як госці перакрыкваюць адно аднаго: адчуванне, што гэта падробка, і не вельмі якасная, як штаны Abibas замест Adidas. Праз рускую мову і расійскія манеры наогул не заўсёды зразумела, пра якую краіну ідзе гаворка. На постсавецкай прасторы шмат тэлеканалаў, дзе выкарыстоўваюць рускую мову, адзяваюць вядоўцаў, як у Астанкіне, і перабіваюць у эфіры. Гэта маглі быць і Казань, і Грозны, і Данецк, і Луганск, і Ціраспаль, і Сухумі.

Дарэчы, у Калузе, Казані і Грозным сцягі таксама чырвона-зялёныя і розніца з Мінскам зусім знікае. Калі загадзя не ведаць, што перадача пра Беларусь, то можа здацца, што яе рабілі для калужскага губернатара.

Па-трэцяе, апісваючы Рэспубліку Беларусь, эксперты паўтараюць тэзісы савецкай прапаганды. Можна разгарнуць якую заўгодна савецкую прапагандысцкую кнігу "пра рэспубліку", выпушчаную ў канцы 70-х — пачатку 80-х, і прачытаць тое самае, што кажуць эксперты з Беларусі пра Беларусь у 2021 годзе.

Напрыклад, у 1974 годзе ў Кішынёве ў выдавецтве "Картя Молдовеняскэ" выйшла кніга "Малдаўская савецкая дзяржаўнасць і бесарабскае пытанне". Як сцвярджае аўтар працы, былы сакратар ЦК Кампартыі Малдавіі па ідэалагічных пытаннях Арцём Лазараў, малдаване многім абавязаны савецкай уладзе. Малдаване перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне. Малдаўская эканоміка, свабодная ад капіталізму, квітнее. Малдаване назаўжды разграмілі свой малдаўскі буржуазны нацыяналізм, які хацеў атруціць малдаванам жыццё і зрабіць іх румынамі. Савецкія малдаване ідуць у нагу з часам. Савецкая ўлада ўпэўнена вядзе малдаўскі народ з цемры галечы і невуцтва да святла і камунізму.

Розніца ў тым, што ў сваёй кнізе былы сакратар ЦК Кампартыі Малдавіі па ідэалагічных пытаннях пастаянна спасылаецца на дэкрэты партыі, на рашэнні з'ездаў, на тэксты Уладзіміра Леніна і Карла Маркса. Удзельнікі ток-шоу не згадваюць пра камуністычную партыю і яе з'езды, хоць слова ў слова паўтараюць яе тэзісы. А замест Леніна і Маркса яны спасылаюцца на Лукашэнку.

Вядоўца праграмы пра нацыянальную ідэю на СТБ — і вядоўца з расійскага ТБ

Па-чацвёртае, на Еўрарадыё ўжо трэці год ідзе перадача якраз пра нацыянальную ідэю для Беларусі. У перадачы прынялі ўдзел амаль дзвесце чалавек, уключаючы Станіслава Шушкевіча і Мечыслава Грыба. Летась выйшаў зборнік інтэрв'ю, наклад разышоўся за некалькі тыдняў. Пра гэта на ток-шоу не было сказана ні слова, хоць назва перадачы капіюе пытанне, з якога Зміцер Лукашук ужо трэці год пачынае эфір.

У выніку атрымаўся склад крадзенага. У незалежнага медыя ўкралі тэму. У цяперашняй Масквы ўкралі мову, фармат і прычоску вядоўцы. У аддзела агітацыі і прапаганды Камуністычнай партыі СССР укралі тэзісы. У эфір далі нічога не перарабляючы.

З аднаго боку, гэта многае гаворыць пра густы адзінага гледача. Мабыць, яму падабаецца, калі тэзісы савецкай прапаганды прамаўляюць з хамскімі інтанацыямі цяперашняга Астанкіна. Магчыма, у гэтым і ёсць пэўнае сваё хараство, хто ведае. 

З іншага боку, гэта яшчэ больш гаворыць пра прафесійныя навыкі стваральнікаў і ўдзельнікаў ток-шоу. Калі красці даводзіцца нават прычоску вядоўцы, то ці ёсць у іх хоць якія-небудзь прафесійныя навыкі? Каб украсці і дрэнна паўтарыць, чалавечы інтэлект не патрэбны. А ў нашыя дні штучны інтэлект украў бы і паўтарыў на больш высокім узроўні. Намаляваны дэпутат, у адрозненне ад жывога, ведаў бы з'езды партыі, чые тэзісы ён агучвае. Намаляваная вядоўца магла б гаварыць на літаратурнай беларускай мове. Калі Беларусь стане свабоднай не заўтра і калі ў яе з'явіцца новы адзіны глядач, ток-шоу абавязкова зробяць лічбавым: так будзе і танней, і ў шмат разоў больш якасна.

Меркаванне калумніста можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.