Сілай скідаць Лукашэнку: аргументы “супраць”

Сілай скідаць Лукашэнку: аргументы “супраць”

Ёсць меркаванне, што беларускія добраахвотніцкія фармаванні, якія ваююць ва Украіне, сыграюць значную ролю ў агульнанацыянальным вызваленчым руху Беларусі. Маўляў, да таго часу, калі ўзброеныя атрады будуць цалкам гатовыя, саспее і беларускае грамадства, якое ўжо цяпер актыўна абмяркоўвае не толькі мірны пратэст.

Варыянт змены рэжыму Аляксандра Лукашэнкі сілавым метадам: ці мае ён рацыянальны фундамент?

— Я вельмі скептычна стаўлюся да гэтых настрояў і да гэтага сцэнару, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч. — Па-першае, я не бачу сёння ў сучасных беларускіх умовах нейкіх рэальных механізмаў на сілавы сцэнар. Мне падаецца, што гэта, хутчэй, ілюзія. У палітыцы няма нічога больш небяспечнага за ілюзіі. Размовы пра стварэнне нейкага беларускага войска за межамі краіны — сур’ёзна абмяркоўваць гэта наўрад ці выпадае.

— Другі момант — мілітарысцкая рыторыка адпудзіць ад апазіцыі значную частку спачуваючай публікі, — працягвае Валерый Карбалевіч. — Народ баіцца грамадзянскай вайны. Гэта натуральны інстынкт самазахавання. І выбіраючы паміж грамадзянскай вайной і рэжымам Лукашэнкі, я думаю, што большасць беларусаў абярэ лукашэнкаўскую дыктатуру.

Па-трэцяе, такія размовы дапамагаюць уладзе развянчаць ідэю мірнага пратэсту. Галоўны канструкт дзяржпрапаганды цягам двух гадоў палягае ў тым, што ў 2020 годзе нібыта была спроба “гвалтоўнага мяцяжу”. І па беларускім тэлебачанні ўвесь час паказваюць карцінкі нейкіх эпізодаў сілавога сутыкнення дэманстрантаў з міліцыяй, з АМАПам.

Глядзіце, як падрабязна асвятляюць судовыя працэсы, якіх людзей абвінавачваюць у гвалце.Так бы мовіць, “тэрарыстычная” група Аўтуховіча падрабязна асвятляецца. Змова Зянковіча — Фядуты таксама падрабязна абмяркоўваецца. Маўляў, “глядзіце, якія мірныя пратэсты? Гэта мяцеж!” А тут і выдумляць няма чаго — бяры і паказвай фрагменты віленскай Канферэнцыі з развагамі пра грамадзянскую вайну, пра гвалтоўнае сагнанне рэжыму. Гэта можа ўзмацніць жорсткасць рэпрэсій у самой Беларусі. Я баюся, што суды пачнуць выносіць смяротныя прысуды.

І яшчэ адзін момант. Стаўка на сілу ставіць у няёмкае становішча заходніх партнёраў. Адна справа — дапамагаць імкненню беларускага народу да свабоды ў рамках дэмакратычных механізмаў. І зусім іншая справа — падтрымліваць сілавы варыянт прыходу апазіцыі да ўлады. Гэта дрэнна стыкуецца з еўрапейскімі каштоўнасцямі і ўяўленнямі аб дэмакратыі. Я не ў захапленні ад гэтага энтузіязму, які зараз лунае ў дэмакратычным асяроддзі.

Сілай скідаць Лукашэнку: аргументы “супраць”
Сілавікі на варце палаца Лукашэнкі падчас мірных пратэстаў, 2020 год / unsplash.com

Чаму праз два гады пасля выбараў беларусы пачалі абмяркоўваць сілавы варыянт?

— Запыт на сілавы сцэнар расце не ў самім грамадстве і нават не ў асяроддзі прыхільнікаў перамен, — кажа Валерый Карбалевіч. — Гэты запыт вырас у палітызаванай часткі апазіцыйнага электарату.

За два гады значная частка тых людзей, якія ў 2020 годзе падтрымлівалі пратэст пасіўна ці актыўна, сышла з палітычнага жыцця ў прыватнае жыццё, у бытавыя праблемы і гэтак далей. А тая частка, якая засталася ў палітычным жыцці, сапраўды радыкалізавалася. Менавіта яна патрабуе сілавога сцэнару. Я думаю, што на агульным беларускім фоне гэта [радыкальная частка] ўсё ж меншасць.

Зразумела, чаму гэта адбываецца. Мірныя сродкі барацьбы ў Беларусі сёння немагчымыя. Заблакаваныя любыя легальныя сродкі палітычнай барацьбы. То-бок рэжым не пакідае сваім апанентам фактычна іншых варыянтаў.

Акрамя таго, моцныя рэпрэсіі, беззаконне таксама спараджае жаданне на гвалт адказаць гвалтам. Падзеі ва Украіне таксама актуалізавалі менавіта сілавыя метады і механізмы палітычнай барацьбы. А з’яўленне беларускіх добраахвотнікаў ва ўкраінскім войску ўвогуле спарадзіла такую эйфарыю, што вось ён варыянт, вось “панацэя”, якім чынам можна зрынуць рэжым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі