Штрафы ў растэрміноўку: што змяняецца ў новай рэдакцыі Крымінальнага кодэкса

Штрафы в рассрочку: что меняется в новой редакции Уголовного кодекса

16 красавіка 2021 года Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняты праект закона аб зменах у Крымінальным кодэксе. З КК прапануецца выключыць 10 артыкулаў і 24 склады злачынства. Таксама, у залежнасці ад абставін злачынства і асобы злачынца, на выплату штрафу можна будзе атрымаць растэрміноўку на тэрмін да пяці гадоў або адтэрміноўку на тэрмін да аднаго года.

Акрамя таго, у новым КК фіксуецца, што адзін дзень утрымання пад вартай у час следства прыраўноўваецца да паўтара дня калоніі — як агульнага, так і ўзмоцненага рэжыму.

Калі новая рэдакцыя КК уступіць у сілу?

— Праект быў прыняты ў першым чытанні, а значыць ён павінен прайсці як мінімум другое чытанне і разгляд у Савеце Рэспублікі. Калі будзе праходзіць другое чытанне — я вам сказаць не магу, графік пакуль яшчэ не складаўся, — каментуюць Еўрарадыё ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Па некаторых артыкулах Крымінальнага кодэкса стане можна прызначаць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, хоць раней такой магчымасці не было. Гэта датычыцца ч. 3 артыкула 206 (рабунак), ч. 3 артыкула 205 (крадзеж), ч. 3 арт. 209 (махлярства), ч. 3 арт. 211 (прысваенне альбо растрата), ч. 3 арт. 212 (крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі), чч. 2 і 3 арт. 236 (набыццё або збыт матэрыяльных каштоўнасцяў, заведама здабытых злачынным шляхам).

Яшчэ ў КК цяпер з'явіцца пункт пра ўжыванне медыяцыі. Так называецца пазасудовая працэдура вырашэння спрэчкі з удзелам незалежнага пасярэдніка.

А вось за што па новым КК будзе наступаць не адміністрацыйная, а крымінальная адказнасць:

— за невыкананне рашэння аб прызнанні арганізацыі экстрэмісцкай і аб прыпыненні яе дзейнасці;

— за тое, што кіроўца паўторна на працягу года трапляецца за рулём без правоў;

— за паўторнае на працягу года парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў;

— за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

— за падатковае махлярства;

— за паўторнае распаўсюджванне ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасці сеткавага выдання, інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена;

— за наўмысную незаконную перадачу інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках іншай асобы без яе згоды (у выпадку, калі гэтыя дзеянні пацягнулі прычыненне істотнай шкоды).

Узмацняецца адказнасць за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь; заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы; глумленне над дзяржаўнымі сімваламі; наўмыснае несанкцыянаванае капіяванне, перахоп камп'ютарнай інфармацыі; паклёп; абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў; ухіленне ад выплаты падаткаў, якое пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры; гвалт у дачыненні да суддзі, народнага засядацеля або іх блізкіх з той жа мэтай.

Таксама ўзмацняецца адказнасць за злачынствы, звязаныя з гвалтам альбо пагрозай прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў або яго блізкіх, супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку.

Як піша SB.by, новая рэдакцыя Крымінальнага кодэкса магла быць значна больш ліберальнай, але "ў другой палове 2020 года заканатворцам стала зразумела, што адкарэктаваны павінны быць раздзелы крымінальнага закона, накіраваныя на забеспячэнне грамадскага парадку ў краіне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі