Штодня ў іншадумцаў у Беларусі адбываецца 20 ператрусаў. МУС называе рэпрэсіі "комплекснай адпрацоўкай асоб, якія падтрымліваюць антыдзяржаўныя погляды". З тлумачэння міліцыі вынікае, што мэтай "зачысткі", якую праводзіць ГУБАЗіК, з'яўляецца недапушчэнне стварэння падпольнага і партызанскага руху. А ў магчымасці гэтага рэжым пераканаўся пасля дыверсіі на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам.
За апошні тыдзень у краіне да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі каля 100 чалавек. МУС падкрэслівае актыўны ўдзел у рэпрэсіях участковых міліцыянераў: "Па выніках разбору ўчастковых інспектараў распачата больш за 20 крымінальных спраў у дачыненні да асоб, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці".