Вы тут

Што звязвае "кума Пуціна" Медзведчука і бізнесменаў, блізкіх да Лукашэнкі

Уладзімір Пуцін, Аляксандр Лукашэнка і Віктар Медзведчук на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу

Украінскага палітыка Віктара Медзведчука часта называюць "кумам Пуціна", і гэта не перабольшанне: расійскі прэзідэнт — хросны бацька дачкі ўкраінскага алігарха. Іх звязваюць цёплыя адносіны: яны нярэдка сустракаюцца, а ва Украіне Медзвядчук актыўна адвакатуе Расію. Маўляў, і вайна на Данбасе — не віна Масквы, і наогул трэба хутчэй дамаўляцца з РФ.

Цесныя сувязі ў Медзведчука не толькі з расійскімі ўладамі. Грошы Віктара Медзведчука і ягонага партнёра ляжаць у беларускіх банках, падкантрольных набліжаным да Лукашэнкі бізнесменам Аляксею Алексіну і Мікалаю Вараб'ю. Еўрарадыё даследавала іх дзелавыя сувязі.

Украінскія мільёны ў беларускіх банках

У беларускім Абсалютбанку на канец 2018-га ляжала крыху больш за 31 мільён рублёў сродкаў кліентаў. Гэта ў 80 разоў менш, чым было ў Белгазпрамбанка і ў 17 разоў менш, чым у Тэхнабанка. Увогуле кажучы, гэта быў не самы грашовы банк.

Але вясной 2020-га ў Абсалютбанку ўжо ляжала больш за 117 мільёнаў рублёў сродкаў кліентаў. Рост адбыўся за 2019 год.

Па супадзенні менавіта ў дэкларацыі за 2019 Віктар Медзвядчук пазначыў, што захоўвае грошы ў тым ліку ў гэтым беларускім банку.

Адзін з рахункаў у Абсалютбанку адкрыты на імя жонкі Медзведчука

Медзвядчук пазначыў, што ў 2019 годзе захоўваў у Абсалютбанку больш за 4,8 млн еўра і 24 тысячы расійскіх рублёў. Яго грошай у беларускім банку магло быць і больш: у дэкларацыі не пазначана месца захоўвання яшчэ 210 тысяч долараў самога Медзведчука і 1,8 млн долараў яго жонкі: яны ідуць па графе “наяўныя”.

Дэкларацыя Медзведчука за 2020-ы яшчэ не апублікаваная, але можна выказаць здагадку, што памер "заначкі" ў Абсалютбанку ў палітыка не моцна змяніўся: прынамсі, у справаздачах аб сродках кліентаў банка няма ні прыкметнага росту, ні імклівага падзення.

"Заначка" — 13 млн еўра

Украінскага дэпутата Тараса Казака называюць фармальным уладальнікам медыяактываў Медзведчука — тэлеканалаў 112, News One і ZIK, вяшчанне якіх у пачатку лютага забараніў Уладзімір Зяленскі. У яго дэкларацыі за 2019-ы таксама згадваюцца беларускія банкі.

У тым жа Абсалютбанку Казак у 2019-м захоўваў 6,6 мільёна еўра. Пры гэтым на Казака і яго сямейнікаў у банку тэарэтычна могуць быць адкрыты і іншыя рахункі.

Яшчэ ў адным беларускім банку — МТБанку — Казак захоўваў 1,4 мільёна еўра. І тут таксама могуць быць іншыя рахункі, звесткі па якіх не раскрываюцца.

Такім чынам, мінімальная "заначка" асноўных прарасійскіх дэпутатаў з Украіны ў беларускіх банках складае каля 13 млн еўра. З улікам звестак, якія не раскрываюцца, і рахункаў сваякоў, а таксама з аглядкай на рэзкі рост сродкаў кліентаў Абсалютбанка можна выказаць здагадку, што сумы больш значныя.

Здзелкі па куплі медыяімперыі Медзведчука Казак здзяйсняў менавіта праз беларускія банкі.

Сустрэчы з Лукашэнкам

У Віктара Медзведчука быў перапынак у публічнай палітыцы, але ў 2019-м ён зноў "увайшоў у абойму" і стаў дэпутатам на пазачарговых выбарах у Вярхоўную Раду. Менавіта з гэтага часу ён і абавязаны публікаваць свае дэкларацыі.

Можна выказаць здагадку, што да такога развіцця сітуацыі Медзвядчук рыхтаваўся. У 2019-м Аляксандр Лукашэнка правёў тры (!) публічныя сустрэчы з Медзведчуком — хоць раней такіх ніколі не было. Яны мелі зносіны як мінімум у студзені, красавіку і ліпені гэтага года — якраз у той перыяд, калі Медзвядчук рыхтаваўся да абрання ў парламент і, магчыма, выводзіў сродкі ў Беларусь.

Чым выкліканы такі незвычайны выбар банкаў для захоўвання актываў? Глядзім на ўладальнікаў Абсалютбанка і МТБанка.

Мікалай Варабей і Аляксей Алексін стаяць справа ад Аляксандра Лукашэнкі і яго сына Віктара

МТБанк належыць сям'і набліжанага да Лукашэнкі бізнесмена Аляксея Алексіна. Прааналізаваць магчымы прыліў сродкаў Медзведчука і Казака ў яго праблематычна, таму што яго фінансавыя паказчыкі, у адрозненне ад Абсалютбанка, заўсёды былі вялікія.

Абсалютбанк належыць даўняму партнёру Алексіна Мікалаю Вараб'ю. У канцы 2020-га, пасля ўключэння ў санкцыйны спіс ЕС, ён перапісаў свае долі на падначаленых. Але ці змяніўся канчатковы бенефіцыяр бізнесу?

Алексіна і Вараб'я звязваюць такія кампаніі, як "Інтэрсэрвіс" і "Брэміна груп". Абодва бізнесмены гандлююць з Украінай светлымі нафтапрадуктамі.

Куды ж без нафты

Так, у канцы 2015-га ўкраінскія СМІ паведамлялі пра тое, што "Энерга Оіл" Алексіна ўдзельнічае ў схеме паставак на рынак Украіны расійскага "дызелю" з беларускімі сертыфікатамі. У тым самым падазравалі і "Інтэрсэрвіс".

У 2019-м Варабей купіў кантрольны пакет акцый украінскага трубаправода "ПрыкарпатЗахадтранс", які пасля пачатку вайны на Данбасе перайшоў ад расійскай кампаніі "Транснафта" да звязаных з Медзведчуком і Казаком кампаній.

Трубаправод "ПрыкарпатЗахадтранс" дазваляе пастаўляць не толькі беларускія нафтапрадукты, але і расійскія, а пры жаданні і экспартаваць іх далей

Светлыя нафтапрадукты ёсць адным з асноўных радкоў беларускага экспарту ва Украіну, асабліва на фоне расійска-ўкраінскага канфлікту. Прадаваць дызель кампаніям, якія не маюць нічога супраць гэтага, таму што звязаны з Медзведчуком, — клапотная, але вельмі выгадная справа. Асабліва калі гэты дызель — расійскі.

Хочаш дапамагчы незалежнай журналістыцы? Стань падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.