Вы тут

Што вядома пра мінчука і супрацоўніка КДБ, якія стралялі адзін у аднаго?

Перад пачаткам штурму кватэры / Скрыншот відэа

Падчас правядзення спецаперацыі ў адной з кватэр жылога дома Мінску ў перастрэлцы загінулі супрацоўнік КДБ і жыхар кватэры — падазраваны ў экстрэмізме.

Мужчына адкрыў агонь са стрэльбы на паражэнне і смяротна параніў супрацоўніка дзяржбяспекі. Агнём у адказ ён быў забіты.

СК узбудзіў крымінальную справу па ч. 2 арт. 139 КК (забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці).

Як высветліла Еўрарадыё, забітага падазраванага звалі Андрэй Зельцэр. Яму быў 31 год — два тыдні ён не дажыў да 32.

Андрэй жанаты, яго жонка зарэгістраваная на вуліцы Якубоўскага у Мінску. Менавіта тут адбылася перастрэлка. Сам Зельцэр зарэгістраваны ў Першамайскім раёне сталіцы. 

У Зельцэра ёсць сын, яму каля 8-9 гадоў, паведамляе тэлеканал "Current Time".

У 2008 годзе Зельцэр скончыў Тэхнікум бізнесу і права ў Мінску. З 2016 года працуе цімлідам у Epam Systems.

Хлопец захапляўся трыятлонам, удзельнічаў у трэйлах і іншых спаборніцтвах. У сваім акаўнце ў Instagram ён пісаў пра пратэсты ў Беларусі, магчыма, удзельнічаў у нядзельных маршах.

Пра супрацоўніка КДБ, які загінуў у перастрэлцы, амаль нічога невядома. На відэа яго называюць Дзмітрыем, таксама гучыць яго пазыўны — "Нірвана". Сілавыя ведамствы выказваюць спачуванні яго сваякам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.