Вы тут

Што будзе за падпіску на "экстрэміста" NEXTA

За камп'ютарам​ / loyer.com.ua

Суд Цэнтральнага раёна горада Мінска прызнаў экстрэмісцкім самы буйны кірылічны тэлеграм-канал у свеце — NEXTA_live. З аднаго боку, для ТГ-канала няма лепшага піяру, чым забарона. Але з другога — за тры гадзіны пасля рашэння суда ад NEXTA_live адпісалася каля 10 тысяч чалавек.

Але ж з рашэння суда не вынікае, што забаронена быць падпісаным на "экстрэмісцкі" канал?

— Закон не прадугледжвае адказнасці, калі асабіста вы праглядаеце спасылкі, апублікаваныя ў Рэспубліканскім пераліку экстрэмісцкіх матэрыялаў, — каментуе юрыстка Таццяна Равінская.

Пра тое, што падпіска на NEXTA_live цяпер па-за законам, не напісана і ў афіцыйным каментары МУС. Адміністрацыйную адказнасць цягне "апублікаванне або размяшчэнне, у тым ліку спосабам перапосту, інфармацыі з лагатыпам "NEXTA" або з NEXTA-Live", — сказана ў паведамленні, апублікаваным у тэлеграм-канале прэс-сакратара МУС Вольгі Чамаданавай.

— Пакуль я не гатовы даваць каментары, — кажа Еўрарадыё адвакат Сяргей Зікрацкі. — Хачу разабрацца сам, ці трэба нам ужо проста цяпер выдаляць гэты канал са смартфона, ці можам мы рэпосціць, што рабіць далей, калі мы рэпосцілі нешта з яго да гэтага.

Адвакат Андрэй Мачалаў называе сітуацыю незвычайнай, і яна, на яго думку, патрабуе дадатковай прапрацоўкі:

— Па сутнасці, калі ты проста падпісаны, з пункту гледжання дзяржавы ты чытаеш дрэнны канал. Ці з'яўляецца гэта захоўваннем? Асабіста я лічу, што не, але дапускаю, што праваахоўныя органы са мной не пагодзяцца.

У Галоўным упраўленні па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй МУС, па пазове якога ТГ-канал NEXTA_live і яго вадзяны знак трапілі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, лічаць, што, нават калі адміністратар канала правядзе рэбрэндынг і зменіць лагатып, гэта не стане падставай выключыць яго з экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.