Шрайбман: дапамагчы Ціханоўскай можа толькі чарговая дурная памылка ўладаў

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

"Любыя нестандартныя хады апазіцыі нервуюць уладу, і гэтыя нервы прыводзяць да памылак. Якія, у сваю чаргу, выліваюцца ў новыя пратэсты", — вось спіраль, па якой развіваюцца падзеі ў Беларусі. Так лічыць палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

У інтэрв'ю Еўрарадыё ён разважае пра "Народны Ультыматум" Ціханоўскай, канстытуцыйную рэформу і прычыны, з якіх беларускія ўлады гатовыя трываць "інтэграцыйную" партыю "Саюз".

"Народны Ультыматум" — абсалютна зразумелы крок

Ціханоўскай трэба было прыдумаць нейкі ход, каб змяніць дынаміку, якая цяпер ёсць. Людзі сталі стамляцца, выходзіць у меншай колькасці на нядзельныя маршы. Зіма блізка. Трэба было даць нейкі новы сэнс.

Ці ёсць у Ціханоўскай інструменты для таго, каб забяспечыць гэты ўльтыматум? У мяне няма звестак, каб гэта пацвердзіць. Відавочна, што Лукашэнка не будзе выконваць патрабаванні. Да гэтага часу пратэст вызначаў сілу і вагу палітыкаў, а не наадварот. Цяпер каманда Ціханоўскай хоча паламаць гэтую залежнасць, сваім валявым рашэннем паўплываць на дынаміку пратэсту.

Адзінае, што можа дапамагчы Ціханоўскай, — гэта чарговая дурная памылка з боку ўладаў у найбліжэйшыя дні. У гэтым сэнсе ўльтыматум ускосна на гэта і працуе. Любыя нестандартныя хады апазіцыі нервуюць уладу, і гэтыя нервы прыводзяць да памылак. Якія, у сваю чаргу, выліваюцца ў новыя пратэсты.

Без памылак уладаў я не разумею, чаму рабочыя, якіх загналі на рабочыя месцы ў жніўні, паслухаўшы Ціханоўскую, павінны цяпер падумаць інакш. Памылкай можа стаць непрапарцыйны гвалт, спроба сутыкнуць праўладныя і апазіцыйныя мітынгі, брутальны ціск на калектывы бюджэтнікаў.

Улада гатовая "пусціць кроў"

Ва ўспрыманні ўлады пратэстоўцы не народ, а натоўп бандытаў, таму яна здольная абыходзіцца з імі як з бандытамі. Што да заяў аб ужыванні агнястрэлу, я ўпэўнены, што рука не задрыжыць.

Іншая рэч, што гэтыя заявы рабіліся ў першую чаргу для таго, каб напалохаць перад нядзеляй. Як мы бачым, на маршы не было ў выніку ні стральбы, ні жорсткіх рэпрэсій. Улада мяркуе, што калі яны хаця б 10 адсоткаў пратэстоўцаў прыбяруць такімі пагрозамі, значыць, гэта тактыка працуе. Астатніх можна напалохаць рэпрэсіямі, іншых рэпрэсаваць, трэція проста стомяцца. Улада спрабуе раскалоць пратэст.

Але пагрозы не працуюць на дээскалацыю пратэстаў. Так, улада хоча запалохаць, але гэта зараджае на пэўныя паводзіны пратэстоўцаў і зараджае саміх сілавікоў на канкрэтнае абыходжанне з людзьмі. Калі кожны дзень тваё начальства кажа: "Калі што, мы будзем прымяняць агнястрэл", — то да гэтага маральна прыйсці нашмат прасцей. Гэта небяспечна, і менавіта з такой рыторыкі расце рэальны гвалт.

Пытанне вяртання Ціханоўскай абмяркоўвалася

Я ведаю, што ў акружэнні Ціханоўскай, у Каардынацыйнай радзе пытанне вяртання Ціханоўскай абмяркоўвалася. І не толькі яе, але і іншых лідараў. Але пакуль было прынята рашэнне гэтага не рабіць. Відавочна, што іх арыштуюць, калі яны вернуцца цяпер. Улада не дапусціць, каб яны прыйшлі на марш.

Вядома, кадры, як Ціханоўскую цягнуць у бусік, будуць сур'ёзным трыгерам для пратэстаў. Але ці будзе гэты пратэст такім, які зносіць уладу? Я не ведаю. І не ведаю, ці адважыцца Ціханоўская на гэта. Яе любімы чалавек у закладніках. Калі б яе муж быў вывезены з Беларусі, то тады было б прасцей адважыцца на смелыя авантурныя крокі. А калі праз твае рашэнні мужу могуць стварыць катавальныя ўмовы, гэта складана.

Шрайбман: помочь Тихановской может только очередная глупая ошибка властей
Мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай / Еўрарадыё

Я думаю, што да вяртання Ціханоўскай могуць паспрабаваць вярнуцца іншыя лідары. Проста прыехаць у краіну, сесці ў СІЗА і спадзявацца, што адтуль вызваліць пратэст, — гэта досыць рызыкоўна. На волі Ціханоўская ўсё ж актыўная, прыкметная. Яна сімвал перамен і прыносіць пратэставаму руху больш прыкметнай карысці, будучы на волі.

Ці патрэбна канстытуцыйная рэформа?

Канстытуцыйная рэформа патрэбна, але яна патрэбна не першым ходам. Беларуская Канстытуцыя — гэта Канстытуцыя надзвычайнага становішча. Цяпер каго ні пасадзі на месца Лукашэнкі па гэтай Канстытуцыі — атрымаецца аўтарытарызм.

Але цяпер Канстытуцыю наважылася мяняць улада, якая пазбавілася падтрымкі большасці беларусаў. Усё, што яна зробіць сама, без перамоў з іншым бокам, будзе ўспрымацца як хітрасць, блеф. Таму гэты працэс таксічны, не здольны прывесці да нейкай разрадкі.

Вядома, улада можа рэзка паразумнець і зрабіць працэс інклюзіўным, узяць ідэі апазіцыянераў, сапраўды рэфармаваць выбарчую сістэму. Але адміністрацыя прэзідэнта быццам бы заклапочаная не тым, каб зрабіць дэмакратыю, а тым, каб пагасіць пратэст.

Самае галоўнае, што можа атрымацца, — улада ініцыюе перамены сама, будзе іх праводзіць, але па ходзе гэтага працэсу сама ў ім спатыкнецца. Чымсьці гэта падобна на "Перабудову" Гарбачова, які хацеў рэфармаваць СССР, але толькі крыху.

Партыя "Саюз" — укід "свайго гульца"

Можна ўспомніць Улаховіча ў 2015 годзе. Калі быў запыт на прарасійскую альтэрнатыву Лукашэнку, улада надумала ўкінуць туды свайго гульца. Каб неяк купіраваць настроі, паказаць лаяльнага, але прарасійскага кандыдата. Я думаю, што партыя "Саюз" — спроба не даць стварыцца нейкай аўтаномнай прарасійскай сіле. Але не ўпэўнены, што гэта спрацуе. Калі партыя будзе цалкам на баку ўлады, то яна не прыцягне на свой бок антылукашэнкаўскі прарасійскі электарат. А такі ёсць.

"Саюз" — гэта, дарэчы, не адзіная прарасійская ініцыятыва, якая нарадзілася за апошні час. Праходзяць круглыя сталы, ствараюцца прарасійскія пляцоўкі. Розныя сілы рыхтуюцца да таго, што будзе пасля Лукашэнкі. Усе разумеюць, што ў постлукашэнкаўскай Беларусі Расія будзе адыгрываць важную ролю і трэба паспець ёй спадабацца. Я думаю, што мы ўбачым яшчэ больш такіх ініцыятыў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі