"Школа не займалася палітыкай": дырэктарка і заснавальнік Смарт Скул затрыманыя

Мы не займаліся палітыкай, мы займаліся адукацыяй / фота ілюстрацыйнае, pixabay

Дырэктарка школы "Смарт Скул" Наталля Базанава і адзін з заснавальнікаў Андрэй Краўчук не выходзяць на сувязь, па звестках ананімных крыніц Еўрарадыё, яны затрыманыя.

Мы звязаліся з чалавекам, блізкім да адміністрацыі школы, каб высветліць, што адбываецца ў "Смарт Скул". З меркаванняў бяспекі мы не называем імя нашай суразмоўніцы. Яна перакананая, што прычынай сітуацыі, у якой апынулася школа, не можа быць палітыка.

— Зайшоўшы ў школу "Смарт Скул", вы можаце ўбачыць інфармацыйныя стэнды, прысвечаныя гістарычнай памяці, вы можаце ўбачыць сцяг. І на лінейцы ў нас падымаўся сцяг, выконваўся дзяржаўны гімн. Мы не займаліся палітыкай, мы займаліся адукацыяй.

Праблемы ў школы "Смарт Скул" пачаліся некалькі дзён таму, калі з'явілася інфармацыя пра тое, што на тэрыторыі адной з прыватных школ дзіця стрэліла іншаму дзіцяці ў твар з пнеўматыкі.

Пазней дырэктарка школы Наталля Базанава ў гутарцы з Tochka.by зняпраўдзіла гэтую інфармацыю. Паводле яе слоў, удзельнікі інцыдэнту — не вучні школы "Смарт Скул", яны атрымліваюць дадатковую адукацыю ў дзіцячым цэнтры, які таксама, як і прыватная школа, знаходзіцца на тэрыторыі парку "Дрымлэнд". З таго дня дырэктарка на сувязь не выходзіла: сувязі з ёй няма ўжо два дні.

— У "Смарт Скул" людзі проста займаліся сваёй справай. А хтосьці скарыстаўся гэтым няшчасным выпадкам, раскруціў сітуацыю, закінуў інфармацыю ў тэлеграм-каналы. Спярша — у прадзяржаўныя, потым — у апазіцыйныя. І стварылі некарэктны фон, у тым ліку для праваахоўных органаў.

Я лічу, што людзі, якія працавалі ў "Смарт Скул", сапраўды проста спрабавалі зрабіць нешта добрае, зрабіць сваю працу. А што будзе цяпер? Магчыма, школа проста спыніць сваё існаванне.

А што будзе цяпер, сапраўды ніхто не ведае. Ці арыштаваныя рахункі, ці выплацяць заробкі настаўнікам, ці вернуць грошы бацькам? На гэтыя пытанні наша суразмоўніца адказаць не можа, а з дырэктаркай і заснавальнікам сувязі няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.