Вы тут

Сеча за Змяіны: навошта расіянам невялікі ўкраінскі востраў?

Дым над Змяіным пасля "добраахвотнага сыходу" з яго расійскіх войскаў / здымак Maxar Technologies

Загінулі расійскія вайскоўцы, затанулі караблі флоту РФ — і ўсё дзеля таго, каб валодаць Змяіным, невялікім украінскім астраўком у Чорным моры. Чаму такі важны гэты лапік сушы?

— Размяшчэнне на Змяіным [расійскай] сістэмы супрацьпаветранай абароны дазваляе кантраляваць паветраную прастору паміж Стамбулам і Адэсай, — расказвае Еўрарадыё дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда. — У тым ліку дазваляе, напрыклад, арганізоўваць паветранае ўварванне ў Малдову. Размяшчэнне на Змяіным сродкаў радыётэхнічнай разведкі дазваляе пастаянна сачыць за перамяшчэннем караблёў па Чорным моры. Бо зразумела, што нельга ўвесь час трымаць караблі ў адкрытым моры. Гэта немагчыма нават з улікам маштабаў расійскага Чарнаморскага флоту. Таму я думаю, што Змяіны — досыць важны стратэгічны пункт для Чорнага мора.

Нагадаю, што на мінулым тыдні УСУ нанеслі ўдар па так званых вышках Бойкі, якія здабываюць нафту і газ на шэльфе Чорнага мора. Там былі размешчаныя сродкі разведкі і падраздзяленні расійскага спецназа. А ноччу 30 чэрвеня ўкраінскія сілы проста дабілі расійскі гарнізон на Змяіным.

Украінскія свідравыя платформы, "вышкі Бойкі", захопленыя расіянамі ў 2014 годзе / УНИАН

Змяіны важны стратэгічна і ў якасці прапаганды

— Той, хто ўтрымлівае востраў, будзе мець перавагу на любых палітычных перамовах, калі такімі скончыцца канфлікт, — піша ваенны аглядальнік мілітары-канала "Информация". — Тэрытарыяльныя воды, выключная эканамічная зона і многае іншае прывязана да Змяінага.

Востраў быў зручным, хоць і вельмі ўразлівым, месцам дыслакацыі як для сістэм супрацьпаветранай абароны, так і для разведвальных сістэм і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Гэта дазваляла [расіянам] часткова пакрываць тэрыторыю вакол вострава парасонам СПА (але не далей за 50 кіламетраў: "Байрактары" маглі здымаць яго з сямідзесяці з лішнім кіламетраў у добрае надвор'е) і ажыццяўляць разведку як у моры, так і на прыбярэжных тэрыторыях Адэскай вобласці. Так, востраў уразлівы і з'яўляецца статычнай цэллю, але, як выявілася, ракетны крэйсер ["Масква"] быў яшчэ больш уразлівай цэллю.

Блакаду гандлёвых суднаў [якія маглі б вывезці збожжа з Украіны. — Еўрарадыё] можна працягваць і без вострава, выкарыстоўваючы для гэтага катары, караблі і падводныя лодкі не падыходзячы блізка да Адэсы. Змяіны стаў вельмі каштоўным у якасці прапаганды, але яго стратэгічную каштоўнасць таксама нельга прымяншаць.

Дым над востравам Змяіны, від зверху / Planet Labs PBC/AP

— У глабальным вайсковым сэнсе тыя сродкі СПА, якія яны [расіяне] размясцілі для абароны сваіх караблёў у паўночна-заходняй частцы Чорнага мора, ужо не будуць працаваць. Гэта значыць, іх караблі становяцца больш уразлівымі. Для іх гэта страта пазіцый, страта абароны, а таксама гістарычнага валодання морам і небам, пра што яны заяўлялі, — так пракаментавала вызваленне Змяінага Наталля Гумянюк, кіраўнік аб'яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра сіл абароны поўдня Украіны.
 

"Жэст добрай волі" — добрая міна пры вельмі дрэннай гульні

30 чэрвеня ўкраінскае камандаванне заявіла, што артылерыйскімі і ракетнымі падраздзяленнямі УСУ нанесены ўдар па Змяіным. Неўзабаве пасля гэтага расіяне вывелі свае сілы з вострава і назвалі гэта "жэстам добрай волі".

— Вядома ж, такі адыход — не жэст добрай волі, — упэўнены Яўген Магда. — Украінскія вайскоўцы выбілі адтуль расійскіх захопнікаў, і гэта добрая навука. Нагадаю, што раней каля Змяінага было патоплена некалькі караблёў і катараў Чарнаморскага флоту. Расіяне страцілі там досыць шмат тэхнікі і людзей. Гэта яшчэ раз пацвярджае каштоўнасць Змяінага. Заявы пра "жэст добрай волі" — гэта добрая міна пры вельмі дрэннай гульні.

Ці варта УСУ вяртаць свае войскі на востраў?

— Я не думаю, што ў найбліжэйшы час Узброеныя сілы Украіны паспрабуюць заняць Змяіны, — лічыць Яўген Магда. — У такім выпадку ўкраінскі гарнізон апынецца ў той жа сітуацыі, у якой быў расійскі. Па ім будуць біць з Крыма, будуць біць караблі расійскага Чарнаморскага флоту. Хутчэй за ўсё, пакуль што востраў будзе нічыім. Магчыма, што на яго, як у баевіку, перыядычна будуць высаджвацца групы спецназа для дэманстрацыі. Для таго каб падымаць украінскі сцяг ці расійскі трыкалор.

Постіранічныя жарты ад ГРУ Украіны / t.me/DIUkraine

Змяіны знаходзіцца ў Чорным моры, і па памеры ён прыкладна 500 на 400 метраў. Бліжэй за ўсё да яго, за 35-40 кіламетраў, знаходзіцца бераг Адэскай вобласці і тэрыторыя Румыніі.

У пачатку расійскага ўварвання востраў праславіўся тым, што ўкраінскі памежнік са Змяінага адмовіўся здавацца расійскаму ракетнаму крэйсеру "Масква" і паслаў экіпаж карабля на тры літары. У той жа дзень пасля масіраванага абстрэлу лапік сушы быў захоплены пераўзыходнымі сіламі праціўніка. На востраве асталяваўся расійскі гарнізон, які ашчацініўся зенітнымі ракетнымі ўстаноўкамі і атачыў сябе вайсковымі караблямі.

З тых часоў УСУ перыядычна наносілі ўдары па расійскай групоўцы на Змяіным. 13 красавіка каля вострава загарэлася (а пасля затанула) "Масква", флагманскі карабель Чарнаморскага флоту. На цяперашні момант гэта найбуйнейшая марская страта войскаў РФ за час расійска-ўкраінскай вайны. "Астраўное супрацьстаянне" пакуль што выйграна ўкраінцамі: Змяіны вызвалены ад расіян.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.