Вы тут

Сцяг-футбол: як энтузіяст стварае зборную Беларусі без спонсараў і Мінспорту

Коратка растлумачыць перспектывы сцяг-футбола можна так: у 2028 годзе ён можа стаць алімпійскім відам спорту. У нас ужо ёсць зборная

Сёлета амерыканскі "Прабоўл" пачаўся з матча па сцяг-футболе. І гэта не менш відовішчна, чым выступ Шакіры і Джэй Ло на "Супербоўле".

Чаму мы пішам пра сцяг-футбол так, быццам вы разумееце, пра што наогул гаворка? Таму што нават калі вы яшчэ не чулі пра яго, самы час даведацца, што гэта.

Клуб Hellcats і Мікіта Шутаў

А лепш — паглядзець на гульню жаночай зборнай. Так-так, таму што сцяг-футбол — гэта не толькі перспектыўна, але і безумоўна прыгожа. Мы распыталі пра яго менеджара клуба Hellcats і трэнера беларускай зборнай Мікіту Шутава.
 

Нават бабуля ўцягнулася

Сцяг-футбол — гэта той самы амерыканскі футбол, але менш траўманебяспечны. Каб спыніць саперніка, тут не трэба збіваць гульца з ног — дастаткова сарваць з яго сцяжок.

Мікіта Шутаў кажа, што гэта фактычна шахматы на полі. Каб перамагчы, трэба разыгрываць складаныя камбінацыі. Карацей, нават Мікітава бабуля захапілася і хварэе за яго клуб Hellcats.

А раней яна хварэла за Мікіту. Ён сам выходзіў на поле: займаўся хакеем. Потым пачаліся праблемы са здароўем: пагоршыўся зрок. Стаяць на браме Мікіта ўжо не мог, жыць без спорту — таксама. Так і прыйшоў у амерыканскі футбол.

Мікіта Шутаў / трэнер зборнай Беларусі і менеджар клуба Hellcats

Новы спорт яму спадабаўся, а хакейны досвед дапамог разгледзець, якія аспекты гульні можна было б палепшыць. Карацей, прыйшоў час ствараць сваю каманду.

— Зрабіў стаўку на жаночую каманду. Сцяг-футбол ідэальна падыходзіць для дзяўчат. Гэта не самы траўманебяспечны від спорту. Дый фінансавая нагрузка мінімальная. А гэта важна, таму што ўсё — аплата трэніровак, арэнды залы, купля мячоў, формы — за свой кошт. Каманду цяпер практычна ніхто не спансуе.

 

"Ідзеш па вуліцы, бачыш білборд — о, ім трэба напісаць!"

Калі Мікіта ідзе па Мінску, ён заглядаецца на рэкламныя білборды. Таму што на кожным можна знайсці патэнцыйнага спонсара, які разгледзіць у гэтым новым пакуль для Беларусі відзе спорту той жа патэнцыял, які разгледзеў сам Мікіта.

Кожны месяц ён аддае сцяг-футболу не толькі час, але і грошы, заробленыя на асноўнай працы.

На трэніроўках ну вельмі душэўная атмасфера / Еўрарадыё

— Стараемся прыцягваць СМІ, спонсараў, таму што ад дзяржавы падтрымкі пакуль няма ніякай. Дагэтуль няма прызнання амерыканскага футбола і сцяг-футбола Міністэрствам спорту. Калі яго прызнаюць, нам будуць абавязаныя нешта плаціць. Але грошай няма, а сцяг-футбол пакуль не алімпійскі від спорту.

Былі б фінансы — была б магчымасць лепш матываваць спартсменаў. А пакуль дзяўчатам даводзіцца разрывацца паміж спортам і працай.

Перад трэніроўкай — абавязковая размінка

Ці магчымы прафесійны спорт без грошай? А за што жыць? Прыходзячы на трэніроўку, прафесійны спартсмен не павінен адчуваць, што ў жываце бурчыць, і не павінен думаць, як сям'ю пракарміць. Спартсмен павінен быць на зарплаце, каб быць сфакусаваным на выніку.

Зрэшты, каб знайсці спонсара, дзякуючы якому можна было б плаціць мінімальныя зарплаты, нават не трэба прызнанне з боку Міністэрства спорту. Трэба проста паказваць пастаянны вынік і развіццё. Што мы цяпер і робім.

 

Хочаш на чэмпіянат свету — знайдзі грошы на квіток

Беларуская зборная сёлета паўдзельнічала ў сваім першым чэмпіянаце свету, які праходзіў у Ізраілі. А пакуль спонсары прыглядаюцца да сцяг-футбола, Мікіта і спартсменкі аплачваюць гэтыя паездкі самастойна. Калі ў каго-небудзь з каманды няма магчымасці ўкласці ўласныя грошы, зноў дапамагае Мікіта — абы толькі паездка адбылася.

Клуб трэніруецца тройчы ў тыдзень — даводзіцца выкройваць час позна ўвечары і ў выходныя / Еўрарадыё

— Квіткі, пражыванне, страхоўкі, ПЛР-тэсты — усё гэта на нашых плячах. Здымаем хостэлы. Цяпер стараемся знайсці нешта лепшае, таму што першы досвед паездкі з браняваннем самага таннага хостэла быў маім менеджарскім правалам. А гэта ўплывае на псіхалагічны стан спартсмена. Так што я вырашыў, што лепш крыху больш грошай выдаткаваць са сваёй кішэні, але гарантаваць, што каманда будзе жыць у прыстойных умовах.

Мара — стадыён для сцяг-футбола, а пакуль для трэніровак падыходзіць лёгкаатлетычны манеж / Еўрарадыё

Спартсмены былі б удзячныя, нават калі б ім проста дапамаглі з аплатай стадыёна. Мікітава мара — асобны стадыён для сцяг-футбола са сваёй спецыфічнай разметкай. Цяпер даводзіцца трэніравацца на палях для еўрапейскага футбола, на якія малярнай стужкай хлопцы і дзяўчаты наносяць патрэбную разметку. Адным словам, спартсменкам пакуль ёсць пра што марыць.

Раней за камандны дух адказваў Мікіта, а цяпер — кожны ўдзельнік каманды / Еўрарадыё

— На жаль, ніякай інфраструктуры для развіцця сцяг-футбола цяпер няма. І нам даводзіцца трэніравацца позна ўвечары, калі ўсе дзіцячыя школы і прафесійныя спартсмены ўжо скончылі з трэніроўкамі.

Хочацца паляпшаць і медыйнае асвятленне матчаў. Агляды цяпер на нізкім узроўні: лічыцца, што лепш выдаткаваць час на мужчынскі спорт. Гэта зразумела, бо ўсе чыноўнікі, кіраўнікі адпаведных падраздзяленняў — мужчыны. Але мяне, мужчыну, гэта крыўдзіць.

Беларусь супраць Чылі на чэмпіянаце свету

Шахматы з выбітымі пальцамі

Траўмы бываюць і ў сцяг-футболе — усё ж гэта спорт. І выбітыя пальцы, і падвернутыя галёнкаступнёвыя суставы — усё здараецца. Але Мікіта кажа, што нават баскетбол траўматычнейшы за сцяг-футбол. Але фізічныя навыкі — гэта далёка не ўсё, што развівае гэты від спорту.

Алёна — справа — працуе фітнес-трэнерам і кажа, што за гульню спартсмен прабягае "ўсяго толькі нейкіх 10 кіламетраў"

Дурны чалавек проста не зразумее, што рабіць на полі. І гэтай інтэлектуальнасцю гульні сцяг-футбол і прыцягвае людзей, якія паспрабавалі ўнікнуць у яго правілы. Поле не маленькае — 70 на 25 ярдаў, гэта значыць прыкладна 64 на 22 метры. Так што месца для падманных манеўраў і камбінацый досыць.

Дзеля чаго гэта ўсё? Добрая навіна: да 2028 года сцяг-футбол могуць прызнаць алімпійскім відам спорту.

— Значыць, калі прыйсці да вас на заняткі цяпер, то ў 2028 годзе можна будзе на Алімпіяду паехаць?

— Як мінімум на чэмпіянат свету ў 2024-м.

 

Як гуляюць беларускі: б'юцца так, як быццам ад гульні залежыць іх жыццё

Сусветныя лідары па сцяг-футболе — амерыканкі. Уласна, яны ж і родапачынальнікі гэтага спорту.

Форма, мячы — ва ўсё даводзіцца ўкладваць уласныя грошы / Еўрарадыё

— Дастаткова аднаго позірку на іх, каб зразумець — гэта прафесійныя спартсменкі. Дзяўчаты жывуць сцяг-футболам, займаюцца ім з дзяцінства. Рэабілітацыя, адпачынак, праца з прафесійным трэнерам — усё гэта яны могуць сабе дазволіць.

Мікіта хоча, каб тое самае маглі сабе дазволіць і беларускі. Таму цяпер ён вучыцца на медбрата і плануе паступаць на рэабілітолага ва Універсітэт фізкультуры.

Пасля добрай трэніроўкі вельмі важнае правільнае аднаўленне / Еўрарадыё

— Калі чалавек не можа сабе дазволіць правільнае аднаўленне пасля фізічных нагрузак, будзе рэгрэс паказчыкаў. У нас, на жаль, гэтая сфера пакуль на зачаткавым узроўні нават у клубаў, якія маюць сур'ёзныя фінансавыя магчымасці.

А ў беларусак ужо склаўся свой стыль гульні? Так. Часам Мікіту казалі, што спартсменкі проста капіююць чыйсьці футбол. Мікіта адказвае: здаецца, гэтыя крытыкі проста не разбіраюцца ў гульні.

Беларускі стыль — гэта барацьба за кожны мяч да апошняй цалі / Еўрарадыё

— Так, наш стыль у нейкім сэнсе падобны да гульні сапернікаў. Але аддача, з якой гуляюць дзяўчаты, не падобная ні да чыёй іншай.

Яны матываваныя так, быццам ад гэтай гульні залежыць іх жыццё. Б'юцца да апошняй кроплі крыві. І менавіта гэта характарызуе наш стыль: гатоўнасць да апошняга вырываць мяч з рук саперніка, біцца за кожную цалю. І вось ён стыль — цалкам аддавацца гульні.

"Яны матываваныя так, як быццам ад гульні залежыць іх жыццё" / Еўрарадыё

Калі паглядзець на турнірную табліцу чэмпіянату свету, вынік беларусак можа і не асабліва ўразіць дылетанта. Але Мікіта можа яго расшыфраваць.

— У нашай групе на чэмпіянаце свету была зборная Італіі. Яна трапіла ў топ-8 камандаў, якія летам адправяцца на Сусветныя гульні. І мы прайгралі ім усяго адно ачко.

Раней большая частка каманды складалася з дзяўчат-айцішніц / Еўрарадыё

"Усяго адно ачко" ў сцяг-футболе — гэта не тое самае, што "ўсяго адзін мяч" у звычайным футболе. У сцяг-футболе адно ачко — гэта нават менш, чым адзін забіты мяч. Пры тым што на табло — звычайна вялікія двухзначныя лікі.

— І гэта мы ўпершыню паехалі на чэмпіянат! Італьянкі ездзяць ужо гадоў дзесяць.

 

І трохі гендарных забабонаў

Раней большасць гульцоў каманды былі айцішніцамі. Цяпер многія з іх з'ехалі, цяпер у Hellcats гуляюць і інжынеры, і медыкі, і менеджары, і прадаўцы, і дызайнеры, і фармацэўты. І спорт, кажа Мікіта, многім дапамагае адарвацца і ад руціннай працы, і ад "сямейных разборак".

— Раней за эмацыйны стан каманды адказваў я, але цяпер я бачу, што дзяўчаты могуць сабрацца і матываваць сябе самі. Яны зарадзіліся гэтай любоўю да сцяг-футбола.

— Дадамо трохі стэрэатыпаў: жаночы калектыў — гэта складана?

— Не. Я ўсё жыццё праводзіў у жаночых калектывах. Дзяцінства прайшло з мамай і бабулямі, у школе — таксама жаночае асяроддзе. Так што літаральна ўсё жыццё напрацоўваў навыкі зносін з жаночымі калектывамі.

Жаночы калектыў — гэта часцей "дружна", чым "складана" / Еўрарадыё

Але першы час было складана: у мяне не было дзяўчыны і часам у каманду прыходзілі новенькія толькі дзеля таго, каб пазнаёміцца са мной. Цяпер у мяне ёсць дзяўчына, а ў камандзе засталіся толькі тыя, каго цікавіць менавіта спорт.

— А дзяўчына ў сцяг-футбол адмаўляецца гуляць?

— Яна ў камандзе з першых дзён. Так, гэтак выйшла, што з ёй мы ўсё ж знайшлі адно аднаго менавіта на трэніроўцы.

 

Як глядзець сцяг-футбол

Цяпер на матчы прыходзяць галоўным чынам сябры, сваякі і людзі, якія выпадкова ўбачылі афішу ў сацсетках. Мікіта хоча, каб усё было як у ЗША, каб аднойчы ў дні матчаў людзі сталі аддаваць гульні ўвесь свой час.

У сцяг-футболе на полі пастаянна штосьці адбываецца — не засумуеце / Еўрарадыё
У чаканні, калі сцяг-футбол уключаць у алімпійскія віды спорту / Еўрарадыё

— Бо ў Штатах гэта цэлая культура: прыйсці на стадыён, там пагудзець, потым пайсці ў бар, каб абмеркаваць гульню. А на наступны дзень працягнуць абмеркаванне на працы з калегамі. Гэта лад жыцця, і гэта класна, што людзі могуць думаць пра спорт, а не пра тое, як пражыць.

Як палюбіць сцяг-футбол з першага матча? Мікіта запэўнівае, што вы ўцягнецеся ну вельмі хутка.

— На полі пастаянна штосьці адбываецца, зарабляюцца ачкі. І "раскусіць" сцяг-футбол нашмат прасцей, чым амерыканскі футбол. Проста прыходзьце на матч — і ўсё зразумееце. Нават мае бабулі ўцягнуліся, ім падабаецца, што на полі дзяўчаты, запамінаюць сваіх любімчыкаў. Калі прыходжу ў госці, яны рэгулярна пытаюцца: ну як там ваша рыжанькая?

"Калі прыходжу ў госці, яны рэгулярна пытаюцца: ну як там ваша рыжанькая?" / Еўрарадыё

P. S.

— А вам на поле хочацца?

— Вельмі хочацца. Але і ў амерыканскі футбол мне гуляць ужо няма з кім. Праз каранавірус у Беларусі засталося вельмі мала камандаў, якія гуляюць. Ёсць хлопцы, якія трэніруюцца, але згуляць адна з адной у камандаў магчымасці ўжо няма. Касцяк найлепшых гульцоў з'ехаў з Беларусі. Зрэшты, у тым ліку дзякуючы футболу яны змаглі знайсці сябе за мяжой, уліцца ў мясцовую супольнасць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.