Вы тут

"Сапраўдная спецаперацыя": як невядомыя ўкралі сцягі на ўчастку актывістаў

Ігар Случак і Аліна Нагорная / асабісты архіў

Сямейная пара і актывісты Ігар Случак і Аліна Нагорная жывуць ва ўласным доме ў вёсцы Перасека Рагачоўскага раёна. З мая 2019 года дом і ўчастак ўпрыгожвалі два бел-чырвона-белыя сцягі. Але некалькі тыдняў таму на сцягі пачалі паляваць мясцовыя ўлады: фатаграфавалі, апытвалі суседзяў, стукалі ў дзверы дома. Сёння сцягі з участка проста зніклі.

Было / асабісты архіў
Стала / асабісты архіў

— Спачатку прыязджаў іх фатаграфаваць старшыня сельсавета, — расказвае Аліна Нагорная. — Потым прыязджаў міліцыянер, які апытаў суседзяў. Потым прыязджаў бус з чатырма людзьмі, якія яго таксама фатаграфавалі. Потым да нас прыязджаў чалавек, але не даехаў, бо заграз у снезе. Навошта чысціць вуліцы, калі лепш паляваць на сцягі? Сфатаграфаваў два сцягі і ўчастак з розных ракурсаў, а пасля ламаўся да суседа, прадставіўшыся работнікам гарвыканкама.

Але гэта не адзіная хітрасць на якую ішлі невядомыя, "палюючы" на сцягі случакоў.

— Потым да нас прыходзіла нейкая жанчына, стукала ў дзверы, паўгадзіны стаяла пад акном і з кімсьці размаўляла па тэлефоне. Потым закінула запіску ў паштовую скрынку, у якой напісала, што хоча пазнаёміцца. Тады было мінус 17, між іншым, — смяецца гаспадыня. — Потым прыязджалі яшчэ два чалавекі на чорным джыпе. Прыйшлі да суседа, не прадстаўляліся, але распытвалі пра нас.

І як канцавы пункт гэтай хронікі — прапажа сцягоў.

— Мы схадзілі на вуліцу паглядзець, адкуль яны заходзілі. Там атрымалася сапраўдная спецаперацыя: яны абыходзілі двор, два чалавекі. Адзін чалавек абыходзіў з боку ўчастка, другі чалавек чамусьці ззаду з участка. Гэта проста смешна, таму што яны абкружалі сцяг. Скарысталіся нашымі драбінамі: шкада, што мы іх не схавалі, — кажа Аліна. Акрамя сцягоў, "паляўнічыя" забралі таксама адзін флагшток, другі пагнулі.

Драбіны, якімі скарысталіся невядомыя / асабісты архіў

Па расказах Аліны, звычайна ў вёсцы ціха і ў доме добра чуваць, што адбываецца вакол. Але "спецаперацыя" прайшла зусім бясшумна.

— Адзінае падазрэнне, калі гэта магло здарыцца, — у той момант, калі ў нас здарыліся нечаканыя праблемы з вадой. Муж разбіраўся з вадой, я ўкладвала спаць сына Стэфана, а ў гэты момант праходзіла спецаперацыя. Мне нават смешна, таму што я ўяўляю, як яны сядзелі ў Рагачове ці дзе, вывучалі графікі кармлення Стэфана і фатаграфіі двара з розных ракурсаў. Гэта проста нейкі абсурд.

Сям'я пакуль не збіраецца рэагаваць на інцыдэнт, хоць разумее, што па гэтым факце павінна быць заведзена як мінімум дзве крымінальныя справы: 202 КК РБ ("Парушэнне недатыкальнасці жылля і іншых законных уладанняў грамадзян") і 205 КК РБ ("Крадзеж").

— Па гэтых артыкулах дастаткова доўгія тэрміны даўнасці, таму мы лічым, што значна больш эфектыўна падаць заявы па гэтай справе пасля. Таму што відавочна, што яна не будзе разглядацца. І такія злачынствы вельмі лёгка расследуюцца, таму я ўпэўненая, што мы падрабязна даведаемся, хто гэта быў, ужо пасля.

Цяпер прыярытэтная задача для сям'і — рамонт пагнутых флагштокаў і абнаўленне плота, каб ён стаў вышэйшым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.