Вы тут

Санкцыі: ЕБРР у апошні момант адмовіўся фінансаваць праект у Светлагорску

Пуцеправод у Светлагорску / ranak.me

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця у апошні момант адмовіўся фінансаваць праект у Светлагорску, паведамляюць "Светлагорскія навіны". Старшыня райвыканкама Дзмітрый Алейнікаў кажа, што гаворка пра пуцеправод на Шасейнай вуліцы. Уся праектная дакументацыя была падрыхтавана і своечасова прадастаўлена ў ЕБРР. Цяпер жа мясцовыя ўлады шукаюць сродкі, каб рэканструкцыю ўсё ж правесці.

Як піша ranak.me, месца, дзе знаходзіцца пуцеправод, праблемнае — па мосце хадзіць нельга, праз чыгунку — таксама, інакш аштрафуюць. Летам 2020-га Аляксандр Лукашэнка анансаваў рамонт. Аднак надзеі на ЕБРР не спраўдзіліся.

ЕБРР адмовіўся фінансаваць дзяржаўныя праекты ў нашай краіне ў лістападзе 2020-га. На такое рашэнне паўплывала сітуацыя ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. У адказ міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што ўлады не бачаць сэнсу працягваць з ЕС дыялог па правах чалавека і прыпыняюць яго да часу змены палітыкі таго ж ЕБРР.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.