Вы тут

Санкцыі: банк з ЕС больш не фінансуе праект па рэканструкцыі трасы ў Беларусі

Траса М7 / mintrans.gov.by

Еўрапейскі інвестыцыйны банк прыпыніў фінансаванне праекта па рэканструкцыі трасы М7 (аўтадарогі Мінск — Ашмяны — мяжа Літвы). Пра гэта паведаміў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. Цяпер беларускі ўрад шукае іншыя крыніцы фінансавання, паведамляе grodnonews.by.

Прычына рашэння еўрапейскага банка пакуль не вядомая, але найхутчэй спрацавалі санкцыі ЕС супраць афіцыйнага Мінска.

У лютым сёлета стала вядома, што Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця у апошні момант вырашыў не фінансаваць праект у Светлагорску. ЕБРР адмовіўся фінансаваць дзяржаўныя праекты ў Беларусі ў лістападзе 2020 года. На такое рашэнне паўплывала сітуацыя ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Рэканструкцыя 106 км трасы М7, большая частка якой праходзіць па Гродзенскай вобласці, стартавала летам мінулага года. Заяўлялася, што Еўрапейскі інвестыцыйны банк выдзеліць 110 млн еўра, з якіх больш за 20 мільёнаў еўра пойдуць на рэканструкцыю пункту пропуску "Каменны Лог".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.