Самая правая з часоў Мусаліні. Чаму выбары ў Італіі занепакоілі Брусель

Giorgia Meloni EPA/ETTORE FERRARI

Упершыню ў гісторыі Італіі прэм'ер-міністрам стане жанчына, і ўпершыню ў гісторыі гэта зусім не радуе левых палітыкаў. Іх нашмат больш турбуе тое, што Джорджыя Мэлоні, якая відавочна зусім хутка стане прэм'ерам Італіі — самы правы палітык з часоў Мусаліні.

У гэтыя выходныя ў Італіі прайшлі ўсеагульныя выбары, і хоць афіцыйна вынікі яшчэ не абвясцілі, але ўжо відавочна, што перамогу атрымала партыя "Браты Італіі". Гэтай партыяй і кіруе Джорджыя Мэлоні.

Яна стане шостым прэм'ерам Італіі ўсяго за восем гадоў, нагадвае СNN. Хто яна і ці варта Бруселю выказваць занепакоенасць гэтай перамогай проста цяпер?
 

Ад працоўнага раёна да ўласнай партыі

Джорджыя Мэлоні вырасла ў працоўным раёне Рыма, які традыцыйна галасаваў за левых. Бацька кінуў сям'ю, калі Джорджыі быў год. Ён быў левым, яе маці — правай. Джорджыя Мэлоні падзяляе погляды маці, якая вырасціла яе.

У пятнаццаць гадоў яна ўступіла ў "Моладзевы фронт" — крыло неафашысцкага Італьянскага грамадскага руху. А потым стала прэзідэнтам студэнцкага аддзялення Нацыянальнага альянсу — пераемніка гэтай неафашысцкай партыі.

Тады Мэлоні даводзілася падпрацоўваць то няняй, то барменам, той афіцыянткай у начным клубе. Але ўжо ў 2008 годзе, калі ёй было крыху за трыццаць, яна стала міністрам па справах моладзі ва ўрадзе Сільвіа Берлусконі. Самым маладым міністрам у гісторыі Італіі.

Яшчэ праз чатыры гады ў Мэлоні ўжо была свая партыя — "Браты Італіі". Свая — але пакуль яшчэ далёка не самая паспяховая.

І як тады Мэлоні стала лідарам апазіцыі?

Адказ просты: не пабаялася стаць адшчапенкай. У канцы 2020 года кабінет урада прэм'ера Джузэпэ Контэ пайшоў у адстаўку. Пачаўся ўрадавы крызіс, і прэзідэнт даручыў эканамісту Марыа Драгі сфармаваць урад.

У выніку ў шырокі кааліцыйны ўрад увайшлі як правыя, так і левыя партыі, але працаваць разам яны не змаглі, гэтым летам урад распаўся. Мэлоні была адзіным лідарам буйной партыі, якая тады адмовілася далучыцца да кааліцыі. Вынік — калі кааліцыя рухнула, Мэлоні стала галоўным лідарам апазіцыі, піша ВВС.

І калі на мінулых выбарах "Браты Італіі" набралі жалю вартыя 4% галасоў, то ў гэтую нядзелю за яе прагаласавала ўжо чвэрць выбаршчыкаў.

Зрэшты, выбары ўсё ж былі "млявыя". Па-першае, яўка была нечакана нізкая для Італіі. Журналістка ВВС Джэсіка Паркер піша, што ў Вероне турысты былі куды як "больш прыкметныя, чым выбары, якія набліжаліся". Дый тая малая цікавасць да выбараў трымалася ледзь не на адной толькі кандыдатуры Мэлоні.
 

Дык фашыстка ці не?

Хутчэй за ўсё, вы ўжо чыталі пра Мэлоні як "крайне правага" палітыка. Сама яна ў інтэрв'ю брытанскаму палітычнаму выданню Spectator крайнасці адхіляе і запэўнівае, што гэтае слова "прыліпла" да яе дзякуючы намаганням апанентаў.

Праблема ў тым, што Італія не прайшла такі ж працэс дэнацыфікацыі пасля Другой сусветнай, які быў у Германіі. Таму фашысцкія партыі там не зніклі, а былі рэфармаваныя, тлумачыць ВВС. Напрыклад, партыя Мэлоні захоўвае лагатып крайне правых пасляваенных партый — трохкаляровае полымя. Яго часта асацыююць з "вечным агнём", які гарыць на магіле Мусаліні.

Ды тут яшчэ і блізкасць да неафашысцкіх рухаў Мэлоні ў маладосці выбаршчыкаў не супакойвае. Але палітык падрыхтавалася. У 2021 годзе выйшла яе кніга "Я — Джорджыя". У ёй яна кажа, што фашысткай не з'яўляецца.

Напярэдадні выбараў партыі нават прыйшлося зняць аднаго са сваіх кандыдатаў у Сіцыліі, таму што ён так стараўся, расхвальваючы Мэлоні, што параўнаў яе з Гітлерам.

Але Мэлоні вераць далёка не ўсе. Італьянскае выданне La Repubblica папракае Мэлоні за недастаткова выразныя тлумачэнні свайго стаўлення да Мусаліні.

"Толькі дэмакратычная дэзарыентацыя краіны, якая да гэтага часу супрацівіцца патрабаванню асэнсавання свайго мінулага, здольная растлумачыць тое прамаруджванне і недаацэнку важнасці дзеяння, якое ўяўляе сабой доўг любога палітыка, а менавіта — высвятленне сваёй пазіцыі".

Але, здаецца, сувязі з неафашыстамі — гэта не тое, што на самай справе палохае праціўнікаў Мэлоні. Палохае іх тое, што яна можа разваліць Еўрасаюз. Раней "Браты Італіі" і зусім былі еўраскептыкамі, але да выбараў іх рыторыка стала больш папулярнай. Мэлоні не кажа, што хоча разбурыць ЕС, але адкрыта крытыкуе яго і абараняе Польшчу і Венгрыю — краіны, якімі часта незадаволены Брусель.

А чаго яна хоча для Італіі?

Мэлоні не цуралася мець зносіны з людзьмі ў тых кварталах, у якія палітычны істэблішмент зазірае рэдка, піша ВВС. Таму ў яе і склаўся вобраз свежага кандыдата з народа, якому не чужыя праблемы людзей.

"Людзі ідуць з торбай, бізнес разбураецца. Таму народ і галасуе за правых. Таму што правыя яшчэ не кіравалі. У іх мы яшчэ не паспелі расчаравацца", — кажа ўладальнік маленькай кавярні на поўдні Італіі ў Неапалі.

Што паабяцала італьянцам Мэлоні? Па-першае, знізіць падаткі і перагледзець план аднаўлення эканомікі краіны пасля пандэміі. Яна ведае, што зараз галоўная праблема італьянцаў — цэны і расходы, якія растуць. І абяцае паклапаціцца пра людзей з інваліднасцю, пра сем'і з дзецьмі і пра пенсіянераў.

Па-другое, Мэлоні лічыць, што цяпер толькі кансерватар можа быць бунтаром. Яна бунтуе супраць легалізацыі ЛГБТ-шлюбаў і патрабуе блакады Лівіі з мора, каб спыніць патокі нерэгулярнай міграцыі.

З аднаго боку, для Еўропы гэта сапраўды бунт. З іншага, гэта ўжо падобна да тэндэнцыі: зусім нядаўна правыя партыі перамаглі на выбарах у Швецыю. Здаецца, што яшчэ трохі — і Віктар Орбан з адшчапенца ЕС ператворыцца ў палітыка мэйнстрыму.

Прафесар паліталогіі рымскага ўніверсітэта Сапіенца Джанлука Пасарэлі мяркуе, што Мэлоні падзяляе пазіцыі правых у іншых краінах. І бачыць у гэтым небяспеку для ўсяго ЕС. Таму што ЕС аслабее, калі страціць салідарнасць, кажа прафесар.

"Яна хоча "Еўропу нацый", дзе кожны фактычна сам па сабе. Італія можа стаць траянскім канём Пуціна, каб падарваць салідарнасць еўрапейцаў, і яна такім чынам дазволіць яму працягнуць аслабляць Еўрасаюз", — мяркуе прафесар.

Дарэчы пра Пуціна

Да вайны ва Украіне партыя Мэлоні была прыхільная наладжванню больш цесных адносінаў з Расіяй. Але пасля вайны ўсё змянілася. Мэлоні — прыхільніца Італіі ў НАТА, яна абяцае працягваць дапамагаць Украіне.

Мэлоні любяць прыхільнікі правых ідэй ва ўсім свеце, Мэлоні абяцае італьянцам "зрабіць Італію зноў вялікай", Мэлоні дэкларуе сваю гатоўнасць дапамагаць Украіне. Хоць многія правыя выбаршчыкі халаднавата ставяцца да заходніх санкцый у дачыненні да Расіі, Мэлоні цвёрдая ў сваёй пазіцыі.

Дык у чым жа праблема і чаму перамога гэтага палітыка напалохала многіх не толькі ў Італіі, але і ў свеце? Рэч не столькі ў самой Мэлоні, колькі ў яе хаўрусніках.

Першы — ультраправы папуліст Матэа Сальвіні. Ён запомніўся як бескампрамісны кіраўнік МУС, які ў разгар міграцыйнага крызісу займаў жорсткую пазіцыю ў дачыненні да мігрантаў. Яшчэ адзін хаўруснік Мэлоні — бізнес-магнат Сільвіа Берлусконі.

І Берлусконі, і Сальвіні вядомыя сваім жаданнем перагледзець санкцыі ў дачыненні да Крамля, таму што тыя балюча б'юць па італьянскай эканоміцы. Ці зможа Мэлоні перашкодзіць ім гэта зрабіць?
 

Што пра гэта думаюць у Еўропе? Ад віншаванняў да прадчування катастрофы

Адной з першых "Братоў Італіі" павіншавала з перамогай Польшча. Але не ва ўсіх еўрапейцаў гэтыя італьянскія выбары выклікалі захапленне.

Прэм'ер-міністр Францыі Элізабэт Борн заявіла, што Еўрапейскі саюз будзе ўважліва сачыць за захаваннем пэўных правоў чалавека ў Італіі з прыходам новага ўрада. Каментаваць выбар італьянскага народа яна адмовілася.

Міністр замежных спраў Іспаніі Хасэ Мануэль Альбарэс наогул настроены змрочна: ён прадракае Італіі катастрофу.

"Цяпер часы няпэўнасці, і ў такія часы папулісцкія рухі заўсёды растуць, але заўсёды заканчваюцца аднолькава — катастрофай, таму што яны прапануюць простыя адказы на вельмі складаныя праблемы", — сказаў ён у часе брыфінгу.

ЕС заявіў, што гатовы канструктыўна супрацоўнічаць з будучым італьянскім урадам. Але будзе сачыць за тым, каб ён не адхіляўся ад дэмакратычных прынцыпаў саюза. Відавочна, у адваротным выпадку Джорджыю Мэлоні чакае "сур'ёзная занепакоенасць" Бруселя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.