Сахашчыку параілі сысці з Кабінета, каб не згубіць украінскія кантакты — Бульба

Валерый Сахашчык / svaboda.org

Заснавальнік “Белага легіёна” Сяргей Бульба выдаў “закрытую інфармацыю” пра “міністра абароны” апазіцыі. Сказаў ён гэта пасля таго, як выказаў меркаванне, што ўкраінскае кіраўніцтва не пойдзе на кантакт з беларускім урадам у выгнанні.

— У сённяшняга кіраўніцтва беларускай апазіцыі [Пераходнага кабінета. — Еўрарадыё] няма ні волі, ні духу, ні разумення, — кажа ў эфіры Еўрарадыё Сяргей Бульба. — Каб паказаць сваю дзейнасць, кожныя два месяцы будуць нам паведамляць, што далучыўся новы сябар кабінета. А дзе яшчэ якая дзейнасць? Я пакуль не бачу. Пакуль не было ў нашым балоце ніводнай бурбалкі.

Больш таго, закрытая інфармацыя, што Сахашчыку рэкамендавана, што калі ён не выйдзе з [складу] Кабінета, то ён можа забыць пра той узровень кантактаў, які ў яго быў ва Украіне, — выкочвае інсайд Сяргей Бульба. — Напрыклад, генерал украінскай контрвыведкі мяне шчыра падкалвае. Кажа: “У нас толькі адно сумненне. Ваша Ціханоўская — гэта праект КДБ ці КДБ сумесна з ФСБ?”

Калі я гаварыў пра гэта з Валерыем Кавалеўскім, то ён мне кажа: “Ты ж ім годна адказаў?” А я кажу: Валера, што я магу годна адказаць генералу контрвыведкі? Ён інфармацыі мае ў 30 разоў больш, чым я. Яны мяркуюць па дзеяннях, а не па “бла-бла-бла”. Няма даверу. Яны не ўспрымаюць гэта [Кабінет] як самастойны праект, таму сакрэт тут зарыты.

А можа, сакрэт зарыты ў лукашэнкаўскім лобі, якога хапае ва Украіне?

— Безумоўна, і гэта, — пагаджаецца Сяргей Бульба. — Гэта вельмі важны аспект. За 28 гадоў легальнага, паўлегальнага і зусім нелегальнага бізнесу з украінцамі лейтэнанты, якія абслугоўвалі фінансавыя патокі ад Лукашэнкі, ужо сталі генераламі. Таму няма чаму здзіўляцца, што гэта лобі там дастаткова ўплывовае.

Гэта спецыфіка нашых братоў-украінцаў, калі “20 баксаў ёсць дваццаць баксаў”. Гэта вельмі часта ва Украіне сустракаецца. Нічога не памянялася, гэта нацыянальная рыса, “кум-сват-брат”. Я, пражыўшы ва Украіне з 2014 года, часам увогуле здзіўляўся, як яна функцыянуе як дзяржава. Згадайце: Яцанюк узяў грошы з бюджэту на пабудову плота паміж Украінай і Расіяй. І што, дзе плот? А дзе Яцанюк, у турме? Ніфіга. Яцанюк у гатэлі “Украіна” святкуе, што ён зарабіў першы мільярд. Таму трэба разумець спецыфіку Украіны таксама, — рэзюмуе заснавальнік “Белага легіёна”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.