Сацыяхакінг, Белая Русь: факты пра новага міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова

Уладзімір Пярцоў у праграме "Клуб рэдактараў" / Youtube.com
Уладзімір Пярцоў у праграме "Клуб рэдактараў" / Youtube.com

5 красавіка міністр інфармацыі Ігар Луцкі перабраўся ў Адміністрацыю прэзідэнта. А на яго месца прызначаны Уладзімір Пярцоў, цяпер ужо былы дырэктар прадстаўніцтва МТРК "Мир" у Беларусі, вядомы беларускаму гледачу па ўдзеле ў праграме "Клуб рэдактараў".

Чым вядомы новы міністр інфармацыі? Як пры ім можа змяніцца медыярынак? Мы зазірнулі ў яго біяграфію і сабралі пяць выказванняў, па якіх гэта можна зразумець.

Зяць экс-старшыні "Белай Русі"

Уладзімір Пярцоў нарадзіўся ў Віцебску 7 траўня 1974 года. Выпускнік мастацка-графічнага факультэт ВДУ і Акадэміі кіравання.

На тэлебачанні з 1993 года. У 1998 годзе перабраўся ў крэсла кіраўніка FM-радыёстанцыі "Радио-Витебск". Праз чатыры гады ўзначаліў Гродзенскую абласную тэлерадыёкампанію. У 2008 перайшоў у дырэкцыю тэлеканала "РТР-Беларусь". З 2010 года — дырэктар прадстаўніцтва тэлекампаніі "Мир" у Беларусі.

Першая заява Пярцова ў якасці міністра — пра тое, што ён мае намер дамагацца замяшчэння "кантэнту, які не сфармаваны вытворцамі Беларусі", на айчынны. Пры гэтым у праграме тэлеканала "Мир" пераважаюць расійскія тэлепраграмы. З беларускага кантэнту — хіба што выпускі навін.

У часе апошніх прэзідэнцкіх выбараў тэлекампанія "Мир" заказала экзітпол у Беларускага камітэта моладзевых арганізацый. Апытанне паказала, што за Лукашэнку прагаласавала 79,7% выбаршчыкаў, што амаль супала з лічбай, агучанай ЦВК.

Уладзімір Пярцоў жанаты з Юліяй Радзьковай — дачкой некалі ўплывовага беларускага палітыка, былога міністра адукацыі і экс-кіраўніка "Белай Русі" Аляксандра Радзькова. Юлія таксама звязана з тэлебачаннем. Напрыклад, яна вяла праграму "Кулінарная дыпламатыя" на "Беларусь 1".

У адкрытых крыніцах няма інфармацыі пра тое, ці знаходзіцца сам Пярцоў у ГА "Белая Русь".

Социохакинг и “Белая Русь”: факты о новом министре информации Владимире Перцове
Уладзімір і Юлія Пярцовы

Прапанаваў прыраўняць сацсеткі і месенджары да СМІ

30 ліпеня 2020 года ў эфіры праграмы "Зразумелая палітыка. Плюс" Уладзімір Пярцоў сказаў, што Беларусь — адна з апошніх "дэмакратычных дзяржаў", якія пакуль не рэгулююць ні сацыяльныя сеткі, ні месенджары "і ніяк іх не прыраўняла ў заканадаўчым полі да сродкаў масавай інфармацыі".

"Наша заканадаўства пакуль да гэтага не падступалася. Некаторыя асцерагаюцца падступацца, таму што не ведаюць, як гэта працуе. Хтосьці баіцца, што пачнуцца крыкі ліберальнай часткі грамадства, асуджэнне з-за мяжы. За мяжой, у самых дэмакратычных дзяржавах гэтыя сродкі масавай камунікацыі даўно ўжо рэгулююцца і кіраўнікі гэтых самых названых сацыяльных сетак выклікаюцца на парламенцкія слуханні, іншыя мерапрыемствы, дзе на заканадаўчым узроўні вызначаюцца правілы гульні. У нас пакуль гэтага няма".

Цяперашні міністр інфармацыі лічыць, што новыя медыя нічым не абмежаваныя і займаюцца "масавым узломам свядомасці і тым самым сацыяхакінгам". Да СМІ ў сучаснай Беларусі іх пакуль што не прыраўнялі. Але пасля выбараў мы назіралі дзясяткі судовых працэсаў за абразы чыноўнікаў і сілавікоў у месенджарах.

Расказваў пра сацыяхакінг

Дарэчы, тэрмін "сацыяхакінг" новы міністр інфармацыі выкарыстоўвае часта. У Еўрарадыё не атрымалася знайсці ніводнай навуковай працы на рускай мове, у якой бы ён ужываўся. Але Пярцову гэта ані не перашкаджае. Ён упэўнены, што ў нейкі момант пратэстаў беларусы пачалі бачыць і сталі разумець, "пад чыю дудачку ўсе плачуць":

"Вы думаеце, нашы людзі настолькі тупыя, што іх можна так лёгка "замбануць" тэлеграм-каналамі, інстаграмам, фэйсбукам, што яны канчаткова будуць знаходзіцца ў гэтым наркатычным трансе і не разумець, дзеля каго і што адбываецца? Калі людзі мірна хадзілі з кветачкамі і стужачкамі — гэта была адна гісторыя. Калі ў нейкі момант усе пераабуліся пад БЧБ-сцягі і калі ўжо з'явіліся петыцыі адкрытыя і заявы, калі пераехала Ціханоўская ў Літву і ў Варшаве з'явіўся Дом, стала зразумела, пад чыю дудачку ўсе плачуць, хто канчатковыя атрымальнікі ад гэтага працэсу дывідэндаў, і многія людзі пачалі бачыць. Прынамсі, тыя, хто не да канца ўжо знаходзяцца ў стане гэтага "сацыяхакінгу" і не хочуць прызнаваць, што іх проста абдурылі".

Социохакинг и “Белая Русь”: факты о новом министре информации Владимире Перцове

Лічыў, што СМІ праз статыстыку па COVID-19 разрываюць псіхіку людзей

Калі ў разгар эпідэміі каранавіруса многія беларусы з недаверам ставіліся да афіцыйнай статыстыкі ад Мінздароўя, Уладзімір Пярцоў казаў, што ў краіне няма недахопу інфармацыі.

"Ёсць праблема інтэрпрэтацыі звестак. Некаторыя не ўнікаюць у графікі і не разумеюць, што гэта не хворы, а COVID-пазітыўны, выяўлены дзякуючы велізарнай колькасці тэстаў".

А вінаватымі аказаліся апазыцыйныя СМІ:

"Калегі з апазіцыйных СМІ бяруць абсалютныя лічбы і, не ўнікаючы ў іх, выбудоўваюць графікі. <...> Яны сеюць паніку, разбіваюць псіхіку людзей і спрабуюць на пачуцці страху падарваць стаўленне да ўлады, мер, якія прымаюцца, спрабуюць кпіць".

Казаў, што беларускія пратэсты арганізаваны спецслужбамі

"Я не веру ў выпадковасці, я веру ў логіку. Думаць, што гэта яснатварыя хлопчыкі ці дзяўчаткі прыдумляюць паведамленні пра тое, каб паралізаваць дарогі, раскрываць звесткі работнікаў сілавых структур? Гэта ж не партызанская барацьба, як хочуць яе выставіць, не грамадзянскі пратэст. Гэта канкрэтная падрыўная і дыверсійная дзейнасць, і ёю займаюцца спецслужбы. Гэта ўсё называецца гібрыднай вайной ці вайной у "шэрай зоне", каб расхістаць, аслабіць эканоміку краіны", — казаў па тэлебачанні Уладзімір Пярцоў.

Называў апазіцыю "сістэмай грантасмокаў"

У нейкі момант новы міністр інфармацыі зрабіў выснову, што беларусы расчараваліся ў апазіцыйных лідарах, бо "сістэме грантасмокаў і атрымальнікаў выгады" абыякавыя перажыванні звычайных грамадзян і іх палітычныя інтарэсы і спадзяванні.

Ён сказаў, што Беларусь трапіла ў падручнікі паліталогіі як краіна, "якая двойчы пазбегла ўздзеяння каляровай (аранжавай, аксамітнай, чырвона-белай — якой заўгодна) рэвалюцыі". Але не ўдакладніў, у якіх менавіта кнігах былі прааналізаваныя апошнія падзеі ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі