Сабакі хутчэй ПЦР-тэстаў вызначаюць каранавірус

Сабак навучаюць "вынюхваць" каранавірус / Reuters
Сабак навучаюць "вынюхваць" каранавірус / Reuters

У фінскім аэрапорце Хельсінкі-Вантаа носьбітаў каранавіруса выяўляюць сабакі. Гэта эксперыментальны праект, у ім паўдзельнічалі ўжо больш за дзве тысячы пасажыраў.

Штодня каля ста пасажыраў перад тым як прайсці тэст праціраюць скуру сурвэткай і кладуць яе ў асобную ёмістасць. Слоік з сурвэткай даюць панюхаць сабаку. Калі сабака чуе заражэнне, яна паказвае гэта пэўным рухам. Пасажырам, на якіх паказвае сабака, прапануюць зрабіць яшчэ і ПЦР-тэст.

Сабакі, якія працуюць у аэрапорце Хельсінкі, па словах экспертаў, забяспечваюць "амаль стоадсоткавае" выяўленне каранавіруса раней, чым тэст, сцвярджае брытанскае выданне Express.

"Вынюхваць" вірус навучылі ўжо 16 сабак, якія цяпер працуюць у Хельсінкі-Вантаа пазменна.

"Мы ведаем, што рэспіраторныя захворванні, такія як COVID-19, змяняюць пах нашага цела, таму існуе вельмі высокая верагоднасць таго, што сабакі змогуць яго выявіць", — кажа загадчык кафедры барацьбы з хваробамі Лонданскай школы гігіены і трапічнай медыцыны прафесар Джэймс Логан.

Больш шырокае выкарыстанне навучаных сабак, лічаць у Хельсінкі, зможа паскорыць і зрабіць таннейшым працэдуру тэставання людзей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі