РІКВ напісаў заяву на Лівянта, суд прызнаў рэпетытара невінаватым

Яўген Лівянт з вучаніцамі / фэйсбук-акаўнт рэпетытара
Яўген Лівянт з вучаніцамі / фэйсбук-акаўнт рэпетытара

Адміністрацыйны працэс у дачыненні да рэпетытара Яўгена Лівянта быў пачаты летам пасля таго, як у міліцыю была пададзена заява ад кіраўніцтва Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Нагода для заявы першапачаткова здавалася педагогу недарэчнай: на думку РІКВ, ён парушыў аўтарскія правы, апублікаваўшы ў "Фэйсбуку" ўмовы адной з задач цэнтралізаванага тэставання. Сёння суд прызнаў рэпетытара невінаватым.

Суд, які прайшоў, нельга назваць "РІКВ vs Лівянт": гэта не быў грамадзянскі пазоў. Супрацоўнікі інстытута, па словах педагога, прыцягваліся толькі як сведкі.

— Першы раз я напісаў пра недахопы ў задачах ЦТ гадоў 15 назад, я пісаў у Адміністрацыю прэзідэнта, у РІКВ, у Мінадукацыі, непублічна звяртаўся. Я лічу, што гэта дыскусія павінна заставацца ў прафесійным полі: паміж выкладчыкамі, зацікаўленымі бакамі, а не ў сацыяльных сетках. І заўсёды мяне ігнаравалі. Адказы дасылалі, але фармальныя, — расказвае Еўрарадыё Лівянт.

Рэпетытар адзначыў, што гэты раз быў першы, калі ён, заўважыўшы некарэктнасць у фармулёўцы задання, не стаў спачатку звяртацца ў інстанцыі, а адразу апублікаваў допіс у сацсетках.

— Калі апошні раз мяне "паслалі", я вырашыў: колькі можна пісаць і чытаць гэтыя адказы, буду адразу публікаваць у сацсетках. І вось яны таксама ўпершыню нестандартна так адрэагавалі, — кажа Лівянт, маючы на ўвазе заяву ў міліцыю. — Нават трохі шкадую, што рашэнне суда такое, таму што гэта было б упершыню ў гісторыі чалавецтва, калі прыцягнулі за парушэнне аўтарскіх правоў за публікацыю стандартнага школьнага лагарыфмічнага ўраўнення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі