Рэжым акупуе будучыню. Эксперт пра змены пры паступленні ў ВНУ

Студэнтка / pexels.com
Студэнтка / pexels.com

“Мне падаецца, што ўсе гэтыя прапановы і меры для выпускнікоў з’яўляюцца свайго роду адказам на тыя выклікі, з якімі сутыкнулася ўлада пасля пратэстаў 2020 года”, — каментуе Еўрарадыё новыя правілы паступлення ў беларускія ВНУ эксперт у сферы навукі, адукацыі і інавацый Андрэй Лаўрухін.

Згодна з імі, у 2023 годзе акрамя ЦТ абітурыентам давядзецца здаваць вусныя іспыты. Пераможцы буйных алімпіяд, выпускнікі ліцэя БДУ і некаторых іншых профільных устаноў могуць быць залічаныя без іспытаў. Пры паступленні ў ВНУ, якія знаходзяцца пад кіраўніцтвам Міністэрства абароны, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства ўнутраных спраў, Пагранічнага камітэта РБ, а таксама на ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ атрымаюць ільготы выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў.

Ці карэктныя новыя ўмовы атрымання вышэйшай адукацыі ў Беларусі? Што можна сказаць пра яе якасць падчас палітычнага крызісу? На гэтыя ды іншыя тэмы мы паразмаўлялі са спецыялістам.  

Рэжым акупуе будучыню. Эксперт пра змены пры паступленні ў ВНУ
Андрэй Лаўрухін / здымак з архіву спецыяліста

Паслявыбарчы крызіс у сістэме адукацыі

Улетку 2021-га мы заўважылі вялікі адток выпускнікоў у замежныя ВНУ, перш за ўсё — у ВНУ заходніх краін. Большасць такіх выпускнікоў з’ехала ў Польшчу, Літву і Чэхію.

З іншага боку, у сувязі з абмежаваннямі пасля пачатку вайны некаторыя абітурыенты з Беларусі сутыкнуліся з праблемамі пры паступленні ў Еўропе. Адначасова Расія палегчыла магчымасці паступлення ў свае ВНУ, якімі шмат хто скарыстаўся.

Дарэчы, колькасць бясплатных месцаў у расійскія ВНУ з 2019 года павялічылася ў 15 разоў. Мы бачым, што попыт на гэтыя месцы таксама ёсць.

Галоўныя змены, якія адбыліся — спрашчэнне паступлення ў беларускія ВНУ. Гэта калі агулам. Там шмат дробных зменаў, але калі цалкам ацаніць, навошта гэта адбываецца, то мая думка такая: так улады спрабуюць прывабіць абітурыентаў ісці менавіта ў беларускія ВНУ.

Для гэтага ўводзяцца розныя меры. Напрыклад, цяпер, каб атрымаць 10 за іспыт, трэба набраць менш балаў, чым у мінулыя гады. Падчас канферэнцыі па новым правілах адна журналістка запыталася: “Нічога, што атрымаць 10 цяпер можна ўжо пасля набранных 77 балаў?” Ёй неабгрунтавана адказалі, што ўсё добра. 

Рэжым акупуе будучыню. Эксперт пра змены пры паступленні ў ВНУ
Падрыхтоўка да іспытаў / pexels.com

Вусныя іспыты і адсутнасць досведу

Акрамя ЦТ у профільных вну ўводзяцца вусныя іспыты. Тут не пашанцавала выкладчыкам, якія будуць іх прымаць. Як слушна заўважыў вядомы матэматык Яўген Лівянт [днямі амаль уся сям’я Лівянта трапіла за краты Еўрарадыё], людзі больш за 20 гадоў не прымалі такія іспыты.

Каб іх арганізаваць, трэба ствараць некалькі дзясяткаў камісій. Туды павінны ўвайсці спецыялісты, якія ведаюць, як прымаць такія іспыты, але досведу няма, таму будзе шмат сюрпрызаў, памылак і, магчыма, злоўжывання.

З іншага боку, вусныя іспыты — гэта і новыя магчымасці пры паступленні. За тэст можна атрымаць толькі тое, на колькі адказаў. Падчас вусных іспытаў можна прывесці свае аргументы, прыклады — неяк уплываць на адзнаку.

Таксама, калі, напрыклад, на нейкую спецыяльнасць не будзе вялікага конкурсу, каб набор адбыўся, камісія можа прыняць нават не самых моцных абітурыентаў. Раней набраў 8 балаў — і ўсё. Тут можна дамовіцца, вырашыць, падняць адзнаку, а значыць зрабіць больш простым уваход у беларускую ВНУ.


Ільготы і вышэйшая адукацыя без іспытаў — гэта нармальна?

Натуральна, існуюць магчымасці быць залічаннымі ў ВНУ нават без іспытаў. Яны цалкам слушныя. Яны тычацца тых, хто ўдзельнічаў у алімпіядах рознага ўзроўню, меў спецыяльную адукацыю, напрыклад, у педкаледжах, выпускнікі Нацыянальна-тэхнічнага парка, ліцэя БДУ і на платную аснову — абітурыенты, якія здалі адзіны дзяржаўны іспыт ў Расіі.

Зусім іншая размова, калі пры залічэнні ў ВНУ пры аднолькавых набраных балах прывілеі мае абітурыент з паперкай пра тое, што ён займаўся ў ваенна-патрыятычным клубе.

Паўстае вялікае пытанне, наколькі гэта адпавядае акадэмічным крытэрыям залічэння? Нагадаю, што спробы даць прывілеі тым, хто мае дачыненне да ваенна-патрыятычных клубаў ці, напрыклад, БРСМ, былі заўжды.

У 2015 годзе сакратарка ЦК БРСМ, каардынатарка валанцёрскага руху Вікторыя Менанава выступіла з ініцыятывай палегчыць паступленне на спецыяльнасці сацыяльнага кірунку членам БРСМ, якія маюць кніжку валанцёра.

Савет рэктараў забараніў так рабіць, бо гэта супярэчыла акадэмічным крытэрыям. Цяпер мы бачым, што гэта не працуе. Палітычнае і сілавое лобі пераважвае. Тады вось такое пытанне: наколькі гэта не толькі парушае акадэмічныя крытэрыі, але адпавядае наяўным правам на атрыманне адукацыі?

Нагадаю, што ёсць такі міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных, культурных правах. У трынаццатым артыкуле гаворыцца пра права на адукацыю.

Акрамя таго, Беларускі Хельсінкскі Камітэт вось ужо некалькі гадоў запар робіць індэкс забеспячэння правоў на адукацыю беларусаў. Там ёсць адзін з істотных крытэрыяў, які паказвае, наколькі даступная вышэйшая адукацыя для ўсіх грамадзян, без нейкай дыскрымінацыі. Толькі на аснове здольнасцяў кожнага абітурыента.

Дык вось, мне падаецца, што калі падчас конкурсу прыярытэт будзе ў выхаванцаў рознага кшталту патрыятычных клубаў, будзе канфлікт. Пра гэта добра б распавялі юрысты, але як эксперт у галіне адукацыі, я турбуюся, што новае правіла можа парушаць правы грамадзян беларусі на даступнасць адукацыі.

Гэтыя прывілеі не маюць нічога агульнага з акадэмічнымі патрабаваннямі да абітурыента і яго здольнасцяў, яны тычацца толькі палітычнай лаяльнасці. Адначасова яны дыскрымінуюць тых, хто не хадзіў у такія клубы і меў іншыя палітычныя погляды і ўяўленні пра сапраўдны патрыятызм.

Усё гэта тычыцца лаяльнасці да ваеннага складніку дзяржавы, але яна не можа атаясамлівацца з патрыятызмам з пункту гледжання юрыдычных, філасофскіх, навуковых ды іншых поглядаў. 

Рэжым акупуе будучыню. Эксперт пра змены пры паступленні ў ВНУ
Моладзь будзе з'язджаць / pexels.com

Адток абітурыентаў ды студэнтаў з краіны будзе расці

Думаю, што абітурыенты і студэнты працягнуць з’язджаць з Беларусі. Падставы для гэтага відавочныя. На канферэнцыі нам нагадалі, што мэтавікоў будзе да 25 працэнтаў ад усёй колькасці абітурыентаў, а на некаторых кірунках — больш за 80.

Гэта вельмі шмат, выпускнікам давядзецца адпрацоўваць атрыманую адукацыю тэрмінам ад пяці гадоў. Як раней у рэкруты аддавалі салдатаў, цяпер будуць аддаваць выпускнікоў, і яны мусяць там адпрацоўваць. Гэта, безумоўна, будзе адштурхоўваць ад атрымання адукацыі ў Беларусі.

Некаторыя людзі пакуль спадзяюцца, што ўсё будзе добра, маўляў, неяк растрасецца. Калі пойдуць гісторыі, што гэта за праца, якія ўмовы, ці забяспечваюць жыллём (хутчэй — не), тады людзі пачнуць бегчы з ВНУ. Мне падаецца, так і будзе.

Агулам мы бачым, што адукацыя ператвараецца ў інстытут канструявана лаяльных грамадзян. Гэта ўжо не інстытут, дзе выхоўваюцца крэатыўныя асобы з адпаведнымі грамадству ведамі.

Гэта не пра веды, а тое самае, што робяць са зняволеннымі. Калі гэтыя зняволенныя мусяць адпрацоўваць пяць гадоў за атрыманыя веды — якая тут вытворчасць? Якія ініцыятывы?

Важна зразумець, што дзяржава плануе жыць у гэтым рэжыме доўга. Улады робяць стаўку на моладзь і акупуюць цяпер нашу будучыню, бо будучыня — гэта нашы дзеці.

Не трэба далёка хадзіць: дзейны міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец — цалкам чалавек лукашэнкаўскай сістэмы. Яму няма сарака гадоў, а паглядзіце, з якім энтузіязмам ён рэалізуе ўсе загады ўладаў.

Улады гэта бачаць. Яны разумеюць, што калі яшчэ пратрымаюцца і змогуць сканструяваць сацыяльна-палітычную ідэнтычнасць моладзі, то забудуюць сабе будучыню на дзясяткі гадоў наперад.

Вось для гэтага і будуецца такая будучыня: каб ні тыя, хто кіруе дзяржавай, ні іх дзеці не мелі жаху, што яны аднойчы сыдуць.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі