Чым адрозніваюцца паказанні Канавалава і Кавалёва?

Першы адмовіўся даваць паказанні і адказваць на пытанні. Цікаўнасці да працэсу праяўляе мала, у самым пачатку прызнаў віну. Сядзіць без эмоцый, глядзіць то ў падлогу, то наперад.


Кавалёў, наадварот, пагадзіўся адказваць на пытанні, дае сведчанні ў судзе, у якіх адмовіўся ад таго, што казаў следчым: маўляў, на яго псіхалагічна ціснулі, таму давялося агаворваць сябе. На працэс прыносіць з сабой папку з рознымі паперамі, уважліва праглядае відэа допытаў.


І паказанні, якія яны давалі раніцай 13 красавіка, па некаторых пунктах палярна адрозніваюцца. А паказанні, якія даў у судзе Кавалёў, абвяргаюць усё сказанае ім дагэтуль і… пацвярджаюць першыя словы Канавалава. У чэрвені жа Канавалаў змяніў свае паказанні ў параўнанні з першапачатковымі і пацвярджаў першыя сведчанні Кавалёва.


Еўрарадыё паспрабавала прасачыць нестыкоўкі ў тым, што кажуць абвінавачаныя ў тэракце.


Канавалаў прыехаў у Мінск з вялікай чорнай сумкай. Ці ведаў Кавалёў, што ў ёй?


На першым допыце Дзмітрый Канавалаў распавёў, што з сябрам яны сустрэліся на чыгуначным вакзале. Той дапамог яму данесці цяжкую сумку да агенцтва нерухомасці, а пазней — у кватэру. Паводле слоў Канавалава, ён не казаў Кавалёву пра тое, што ў ёй. А Кавалёў асабліва не цікавіўся.


У гэты час Улад Кавалёў казаў следчым зусім адваротнае: што ведаў пра змесціва сумкі і нават прысутнічаў падчас апошніх прыгатаванняў выбухоўкі. Атрымоўваецца, што проста даў паказанні супраць сябе і сябра. Канавалаў упарта заяўляў, што нікому не расказаў пра свае планы ўзарваць метро.


Чаму так адрозніваюцца сведчанні? Хто з іх кажа праўду? Адказ на гэтае пытанне Уладзіслаў Кавалёў даў на судзе.
Нібыта паказанні даваў пад псіхалагічным ціскам.


"Нас адвезлі ў УБАЗ (Упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю). Падчас допыту мне патлумачылі, з якой мэтай затрымалі. Паказалі на камерах Канавалава, што ён праходзіць з сумкай у метро. Я пазнаў яго. Праз некаторы час я пачуў крыкі Дзмітрыя, я дакладна чуў, што гэта ён крычаў. Праз некаторы час крыкі спыніліся, а мяне адвялі на першы паверх. Там мне сказалі, што лепш прызнаць усё. Я спужаўся расстрэлу. Сказалі, што абодвум лоб зялёнкай намажуць. І што ніхто не паверыць, што я не ведаў аб планах Дзмітрыя".


Таксама Кавалёў распавёў, што да яго на размовы прыходзілі супрацоўнікі КДБ, гэтыя размовы адбываліся без адваката.
На судзе Канавалаў адмовіўся даваць паказанні. Але адказ на пытанне ён даў на допыце 21 чэрвеня. Які не здымаўся на відэа. Таму яго зачытаў суддзя.


"Я спрабаваў адгарадзіць Улада ад адказнасці, пакрываў яго. Але калі на вочнай стаўцы даведаўся пра тое, што Кавалёў сам ужо прызнаўся, то вырашыў даць іншыя паказанні і расказаць як ёсць".


Падчас гэтага допыту Канавалаў таксама распавёў, што да яго прымянялі фізічную сілу, каб ён даў паказанні па выбухах у Віцебску і на 3 ліпеня ў Мінску. Па апошнім, як і па тэракце ў метро, ён прызнаў сваю віну, а вось у віцебскіх выбухах — не.


Па паказаннях, якія даў Канавалаў да допыце ўлетку. Кавалёў пацікавіўся, што ў сумцы. Канавалаў сказаў, што там бомба. Той ніяк не адрэагаваў. Толькі пасля адчыніў сумку і разарваў паперу, якой была прыкрыта выбухоўка, і пабачыў ўсё.


"Я яму сказаў, што ў сумцы бомба. Я проста сказаў, што там бомба. Кавалёў спакойна адрэагаваў на гэта".


А калі сумку прынеслі дадому, Кавалёў пачаў націскаць на кнопку (!), пры гэтым не спытаў, ці падключаны дэтанатар да выбухоўкі.


Піў Канавалаў ці не піў?


Кавалёў у сваіх паказаннях распавядаў, што яны ўвесь час выпівалі, пакуль былі на здымнай кватэры на вуліцы Караля. Але 11 красавіка Канавалаву трэба было адысці па справах, таму ён стаў піць меней, а перад выхадам увогуле не піў.
Сам жа Канавалаў казаў, што у дзень перад выбухам не піў зусім, бо ведаў, што трэба будзе ісці ў метро.


Кавалёў жа падчас суда казаў, што раіў Канавалаву не ехаць на метро, бо яго могуць п'янага не пусціць. Але не ведаў, з якой мэтай ён туды ідзе.


А на допыце летам Канавалаў казаў, што Кавалёў ведаў пра бомбу і нават не паспрабаваў адгаварыць яго.


"Кавалёў мне пажадаў удачы. Паціснуў руку і сказаў: "Удачы". Улад мяне не адгаворваў ад выбуху, хаця ведаў".


На судзе Кавалёў сцвярджае, што ўвогуле мутна памятае сыход Дзмітрыя, бо быў п'яны. Гэта ж Канавалаў казаў падчас першых допытаў — што ягоны сыход Кавалёў амаль не заўважыў.


Таксама не сыходзяцца іх словы датычна дзяўчын. Канавалаў гаворыць толькі пра адну Яну Пачыцкую, а Кавалёў распавядае, што спачатку з ёй была… сяброўка.


Аднак як высвятлілася з паказанняў Пачыцкай, сяброўка сапраўды была, але вельмі хутка сышла.


Тое, што супадае ў іх паказаннях — дык гэта ўжыванне алкаголю ў даволі вялікай колькасці. На працягу трох дзён.


На першым допыце ў 6:40 раніцы Канавалаў выглядаў больш-менш нармальна. На другім пасля 11 гадзіны дня ён сядзіць нахіліўшыся, нават скурчыўшыся. Глядзіць не ў камеру, а ўніз. Відаць, што яму дрэнна, ванітуе. Некалькі разоў яго выводзілі ў прыбіральню.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі