Па віцебскіх слядах "беларускіх тэрарыстаў" (Фота)

110822 Rugain Vitebsk.mp3

1 выбух у пад'ездзе дома на 1-й вуліцы Бядулі ў 2000 годзе. 2 — выбух у пад'ездзе на вуліцы 39-й Арміі ў 2001. 3 пашкоджанне шкла бібліятэкі ўлетку 2002. 4 няўдалая спроба закласці выбухоўку ў газетны шапік 10 ліпеня 2004 года. 5 падпал аўтамабіля "РАФ" за домам Канавалава

Справу аб тэракце ў метро перадалі ў суд. З матэрыялаў пракуратуры, распаўсюджаных праз інтэрнэт, стала вядома пра некалькі новых выбухаў у Віцебску.


Каб даехаць да месца, давялося выклікаць таксі. Калі пачаў распавядаць кіроўцу патрэбныя адрасы, ён адказаў, што гэта ўсё побач і можна абыйсці пешшу. Аказалася, усе выбухі адбыліся… ў адным раёне, які называецца Маркаўшчына. Прычым, тамсама, дзе жылі абвінавачаныя ў тэракце. Але здзіўлены кіроўца адказаў, што чуў толькі пра выбух у цэнтры горада (верасень 2005 года).


Першы выбух, які праходзіць у справе, адбыўся ў 2000 годзе ў доме на 1-й вуліцы Бядулі. Там, паводле звестак пракуратуры, выбіла шкло ў пад'ездзе паміж 4 і 5 паверхамі і пашкодзіла дзверы адной кватэры. Адразу, калі падыходзіш да пад'езда, у вочы кідаюцца новыя светлыя шыбы акурат паміж 4 і 5 паверхамі.


Знайшоў жыхара пашкоджанай кватэры (высокі худы светлавалосы мужчына гадоў 35-ці). А той кажа, што спачатку палічыў, што дзверы нехта парэзаў.


"Мяне не было дома. Суседзі па пляцоўцы распавялі. Абіўка са скуры была парэзана літарай "Л". Я спачатку думаў, што нажом ці лязом парэзалі спецыяльна. А потым расказалі, што выбух быў нейкі, як ад петарды", — распавядае Дзмітрый.


Месяц таму да яго прыходзілі следчыя і распавялі, што знайшлі вінаватых. Дзмітрый быў здзіўлены, адкуль у міліцыі даведаліся пра яго пашкоджаныя дзверы. Пасля ўжо выклікалі ў пракуратуру, дзе ацэньвалі шкоду па коштах 2000 года. 
Цікава і тое, што выбух адбыўся 11 год таму, а новыя вокны, па словах жыхароў дома, паставілі не так даўно.


"Па ходзе справы яны ўсё "зліюць", што было па Віцебску, на тых, якія ў Мінску нарабілі", — выказваецца Дзмітрый.

Звонку вокны жоўтыя замененыя, а знутры — такія ж, як і паўсюль

 
Бабуля з суседняй кватэры распавядае, што ў гэты дзень яе таксама не было дома, але яна пра выбух чула.


"Я на дачы тады жыла. Калі прыехала, кажуць, тут выбух быў. Гэта год 8-9 таму было".


Да яе месяц таму таксама прыходзілі следчыя і распытвалі пра выбух. Праўда, не казалі, з чым гэта звязана і чаму менавіта цяпер узгадалі пра тое здарэнне.


Далей давялося прайсці некалькі двароў пешшу, метраў з 100, каб трапіць на месца наступнага выбуху, пазначанага ў справе, — у 2001 годзе ў доме на вуліцы 39-й Арміі. Там таксама новыя вокны ў пад'ездзе.


"У нашым пад'ездзе, бачыце, вокны новыя стаяць. Выбух быў сур'ёзны, мы думалі, што ў некага пліта ўзарвалася. Усе выскачылі, задымлена было цалкам. Я жыву на 4 паверсе, мае вокны справа. Зверху шкло павылятала, вось іх памянялі на новыя", — распавядае жыхар дома, і да таго ж былы калега аднаго з абвінавачаных.


На гэтай жа вуліцы метраў праз 150 адбыўся наступны выбух — у будынку філіяла бібліятэкі імя Якуба Коласа. Яе супрацоўніца кажа, што пра гэты выбух следчым распавялі самі абвінавачаныя.


"У нас ведаеце, колькі разоў разбівалі шыбы? Мы адкуль ведаем, разбілі гэта каменем ці чым? Гэта самі таварышы распавялі (абвінавачаныя Кавалёў і Канавалаў — заўв. Еўрарадыё), што яны тут выпрабоўвалі і паказвалі, якое акно. А потым пераправяралі, ці сапраўды яно было разбітае. Яны тут вучыліся, гэта з іх размоваў. Яны давалі такія паказанні, што, нібыта, тут выпрабоўвалі. Шкло было трэснутае ў нас, дзірка была. У нас шмат разоў вокны білі. Калі б я бачыла гэта, то магла б сказаць, што каменем разбілі. А тут сапраўды цікава было, дзірка такая і напалам раскалолася. Адкуль вышук можа ведаць, што такое было? Што такая бібліятэка і акно. Гэта з іх сведчанняў".


Пазней я накіраваўся да дому, дзе жывуць бацькі абвінавачаных. Два пяціпавярховіка стаяць побач. У двары аднаго з іх у 2005 годзе згарэў аўтамабіль РАФ-2203. У падпале таксама абвінавачваюць таго ж Дзмітрыя Канавалава, які, на думку следства, 11 красавіка прынёс на "Кастрычніцкую" сумку з выбухоўкай.


Жыхары дома ўзгадалі пра выпадак з машынай і нават дакладна паказалі месца: акурат насупраць вокнаў кватэры сям'і Канавалава.


Вядома яшчэ пра некалькі выбухаў недалёка ад гэтага раёна. Адзін з іх не адбыўся, бо Канавалава пабачыў вартаўнік, які выклікаў міліцыю. Але тады яго не злавілі. Згодна з версіяй следства, ён заклаў выбухоўку пад дах шапіка "Віцебскаблсаюздрук". Але як гэта магчыма зрабіць, незразумела. Пра гэты выпадак ніхто не ведае, бо ўсе прадаўцы працуюць нядаўна.


Таксама з Еўрарадыё пагадзіліся паразмаўляць сваякі аднаго з абвінавачаных. Паказалі пакой і рэчы, якія не забралі пасля ператрусу. А таксама лісты, якія з турмы хлопец піша маці. Пра ўсё гэта ў працягу...

Працяг заўтра на сайце Еўрарадыё, ці сёння ўвечары ў нашым эфіры!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі