Калі расстралялі Кавалёва і Канавалава?

Еўрарадыё заўважыла, што сярод апублікаваных сакавіцкіх указаў кіраўніка краіны не хапае двух паміж 120 і 123, падпісаных 1 і 2 сакавіка адпаведна. Пра адмову ў памілаванні стала вядома толькі 14 сакавіка.

Быў яшчэ адзін дакумент за подпісам прэзідэнта, які не публікавалі, — 129-ы ўказ мог быць падпісаны паміж 6 і 12 сакавіка. Але ён мог датычыцца толькі аднаго з асуджаных.

"Мне падаецца, што іх забілі яшчэ 11 увечары. Таму што калі нам тэлефанавалі ў пятніцу (9 сакавіка) і казалі, што спатканне даюць у нядзелю (11 сакавіка), мама пытала, ці можна ў панядзелак прыехаць, бо мы можам не купіць квіткоў. Нам адказалі, што толькі ў нядзелю", — гаворыць сястра Кавалёва Таццяна.

Гэта была апошняя сустрэча Кавалёва з маці і сястрой, і паводле нашых падлікаў, хутчэй за ўсё, на гэты момант у памілаванні яму ўжо адмовілі. Ці ведаў ён пра гэта — не вядома.

"Стан у яго быў дзіўны. Ён быў амаль без настрою і ўвесь час пытаўся, калі да яго прыйдзе адвакат. Можа здагадваўся, а можа ведаў. Было бачна, што ён нечага баіцца".

Пра выкананне прысуду стала вядома толькі 17 сакавіка. Адвакат Кавалёва 14 і 15 сакавіка спрабаваў патрапіць да яго. У першы дзень у СІЗА яго не пусцілі без тлумачэнняў, а на другі паведамілі, што зняволенага этапавалі. Звычайна этапуюць у СІЗА на Валадарскага, дзе выконваюць смяротныя прысуды.

"Наглядную скаргу падаць не паспелі. Падалі толькі заяву, што адвакат хоча з ім сустрэцца, каб дапісаць асноўную скаргу", — кажа Таццяна. Але сустрэцца той не паспеў. Сам Кавалёў даўно падаў скаргу, якую разгледзелі, але не задаволілі. У скарзе ён прасіў не выконваць прысуд, пакуль не будзе разгледжаная асноўная скарга.

"Тэрмінаў для падачы нагляднай скаргі па крымінальнай справе не існуе, яна можа падавацца ў любы час, — распавядае юрыст Тамара Сідарэнка. — Але падача нагляднай скаргі... не прыпыняе выканання прысуду. У самой скарзе можа ўтрымлівацца просьба аб прыпыненні прысуду. У той службовай асобы, якая разглядае скаргу, ёсць права, але не абавязак, прыпыніць выкананне прысуду, пакуль не будзе разгледжаная скарга".

Чыста фармальна, нішто не перашкаджала прывесці прысуд у выкананне, хіба што разгляд скаргі Кавалёва ў ААН. Але і гэта для Беларусі не ўпершыню не з'яўляецца перашкодай.

Пазіцыя Камітэта па правах чалавека, між іншым, вядомая: Беларусь сур'ёзна парушыла свае юрыдычныя абавязальніцтвы, калі прывяла ў выкананне прысуд Кавалёву. Пра гэта заявіла старшыня камітэта, якая нагадала, што гэта "не першае падобнае парушэнне".

Як даведалася Еўрарадыё, апошні раз Кавалёў даслаў сваякам паштоўкі на 8 сакавіка. Напісаў: "С 8 марта сестрёнка!!!  Желаю тебе всего самого большого и счастливого!!! Люблю тебя, целую и обнимаю! Брат."

Падчас арышту Канавалава спецназ памыліўся і ўварваўся... да суседзяў

"Канавалаў зайшоў такі сутулы, як малпачка. За пояс ён быў абвязаны тросам"