“Разбураюць лёсы дзяцей проста таму, што тыя вырашылі пакатацца на роварах”

Мацвей Лазар з сябрамі-веласіпедыстамі / сацсеткі
Мацвей Лазар з сябрамі-веласіпедыстамі / сацсеткі

“Усё нармальна, мы дамовіліся, нас чапаць не будуць”, — так 18-гадовы Мацвей Лазар сказаў сваёй маці незадоўга да таго, як быў затрыманы 16 мая падчас велагонкі на Цнянскім вадасховішчы ў Мінску. Спачатку сілавікі вывелі хлопца ў футболцы з надпісам "АнтыЛукашэнка", а потым выклікалі падмацаванне і вярнуліся за астатнімі. У Мінскім роварным таварыстве падлічылі: было затрымана 15 чалавек.


“Малілі, каб дазволілі перадаць дзецям байкі — не дазволілі”

“Я датэлефанавалася Мацвею ў гадзіны тры, — распавядае Еўрарадыё Алена Лазар. — Кажу: "З'язджайце! Па вас прыедуць яшчэ раз!" Ён адказаў, каб не перажывала. Потым сказаў, што гаварыць больш не можа, пачынаецца прабег. Праз паўгадзіны за імі прыехалі”.

“Разрушают судьбы детей просто потому, что те решили покататься на велосипедах”
Мацвей з мамай Аленай / сацсеткі

Пра тое, што сына забралі, мама даведалася каля сямі гадзін вечара — прачытала ў сацсетках. Тут жа патэлефанавала ў 102, каб удакладніць, дзе Мацвей. Там адказалі, што гэтым не займаюцца, і параілі звярнуцца ў РУУС Савецкага раёна. 

“Паклала малодшага сына ў каляску і пабегла ў міліцыю. Ля будынка стаялі людзі, якія таксама шукалі сваіх блізкіх. Размаўляць з намі ніхто не хацеў, па гучнай сувязі адказалі, што веласіпедысты ўнутры. Больш нічога не тлумачылі. Хлопцы з'язджалі катацца ў спартыўнай вопратцы: сінтэтычныя майкі і ласіны. Мой быў у кантактных чаравіках — гэта такія металічныя капыты, якія мацуюцца да педаляў. Мы пачалі прасіць, маліць, каб дазволілі перадаць дзецям хаця б байкі, яны ж там усе голыя. Не дазволілі. Бліжэй да 23:00 да РУУС прыгналі аўтазак, я зразумела, што лавіць больш няма чаго, і пайшла дадому. Пазней даведаліся, што Мацвея быццам бы павезлі на Акрэсціна, але хто там ведае, куды дакладна”. 

Студэнт, грае на саксафоне, рамантуе ровары

Мацвей Лазар — звычайны хлопец з Мінска. Раней займаўся музыкай, грае на саксафоне. Актыўна ўдзельнічае ў жыцці веласупольнасці: катаецца, збіраецца з аднадумцамі на "ВелаКухні", бясплатна рамантуе ровары. Як кажа мама, у любы час дня або ночы яму маглі прывезці ровар — і ён браўся за рамонт: "Гэта стала галоўным хобі ўсяго яго маладога жыцця".

“Разрушают судьбы детей просто потому, что те решили покататься на велосипедах”
Грае на саксафоне / сацсеткі

Хлопец вучыцца на першым курсе БНТУ. Хутка ў студэнтаў пачынаецца сесія. У адміністрацыі ўніверсітэта ведаюць як пра захапленне Мацвея, так і пра затрыманне. Маці патэлефанавалі ўжо — выказалі спачуванне і папрасілі пад'ехаць у дэканат. Але пакуль што жанчына стаіць ля будынка суда Савецкага раёна і чакае пасяджэння. Хлопца будуць судзіць у 17:00 па частцы 1 артыкула 24.23 КоАП — за незаконнае масавае мерапрыемства.

“Разрушают судьбы детей просто потому, что те решили покататься на велосипедах”
Рамантуе ровары / сацсеткі

“Я лічу, што атрымліваць згоду выканкама на тое, каб пакатацца вясной на роварах, — гэта поўнае трызненне, — кажа Алена. — На Цнянцы ўсе ганяюць на веліках, таму што сезон, надвор'е, веладарожкі. Які АМАП? Якія аўтазакі? Як гэта наогул усё разумець, улічваючы тое, што хлопцы гаварылі з амапаўцамі — і тыя ім сказалі, каб каталіся і што чапаць не будуць. Аб чым гаварыць? Разбураюць лёсы дзяцей проста таму, што тыя вырашылі пакатацца ў нядзелю на роварах”. 


“Катаўся, таму што мае на гэта права”

Затрыманні веласіпедыстаў здараліся ў Беларусі і раней. Улетку 2020 года сілавікі неаднаразова хапалі людзей, якія ездзілі па вуліцах на роварах. У спецыялізаваных міліцэйскіх выданнях пісалі, што падчас масавых мерапрыемстваў веласіпедысты каардынавалі пратэстоўцаў.

“Разрушают судьбы детей просто потому, что те решили покататься на велосипедах”
Затрыманне веласіпедыста ў Мінску / svabod1.azureedge.net

Нягледзячы на ўсё гэта, Мацвей не баяўся катацца па горадзе. Дакладна гэтак жа, як і не баяўся ўдзельнічаць у велапрабегу 16 мая.

"Я баялася, а ён — не, — кажа маці хлопца. — Максімаліст, незамутнёная свядомасць, віны за сабой ніякай не адчуваў. А за што? Катаўся, таму што мае на гэта права".

У ліпені ў Беларусі павінен прайсці чэмпіянат Еўропы па велатрэку. Еўрапейскі саюз веласіпедыстаў (UEC) прасілі перанесці спаборніцтвы, але арганізацыя не здолела знайсці іншага зручнага варыянта. Падобна да таго, што беларускія сілавікі вырашылі падкінуць спартыўным функцыянерам аргументаў. Бо неяк дзіўна гэта — праводзіць турнір па веласпорце ў краіне, дзе масава затрымліваюць веласіпедыстаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі