Разабраць нельга пакінуць: у Ашмянах гістарычныя будынкі прызналі самабудам

Тыя самыя збудаванні / Еўрарадыё
Тыя самыя збудаванні / Еўрарадыё

У найбліжэйшы час у вёсцы Родзевічы Ашмянскага раёна па рашэнні мясцовых уладаў могуць знесці два старадаўнія будынкі. Адна з культурных каштоўнасцяў, якую хочуць прыбраць, — драўляны свіран, помнік драўлянай архітэктуры пачатку дваццатага стагоддзя. Выратаваць гістарычную памяць спрабуе дырэктар фонду "Краіна замкаў" Алесь Варыкіш. Фонд займаецца адраджэннем гістарычнай спадчыны, у тым ліку рэканструкцыяй, правядзеннем экскурсій-анімацый і ў цэлым папулярызацыяй беларускай традыцыі і культуры.

— Мне ўдалося перавезці два гэтыя будынкі з іншых вёсак. Ім пагражала тое, што іх проста маглі разабраць на дровы, — расказвае Еўрарадыё Алесь Варыкіш. — Але ў выніку я ўгаварыў прадаць мне будынкі, а потым перавёз іх на хутар.

Разобрать нельзя оставить: в Ошмянах исторические здания признали самостроем
Бярвёны зрубаў пранумараваныя і сабраныя ў строгай паслядоўнасці / Еўрарадыё

Цалкам драўляныя будынкі перавезці цяжка, таму зрубы разабралі, падпісалі кожнае бервяно ў парадку чарговасці і нанова сабралі будынкі на шляхецкім хутары, які раней належаў роду Ракіцкіх — а цяпер Варыкішу. Будынкі прастаялі некалькі гадоў. Аднак мясцовыя ўлады расцанілі гэта як "самабуд", і ў 2021 годзе свірны вырашылі разабраць. Знос будзе праводзіць мясцовая ЖКГ, а заплаціць за гэта давядзецца "Краіне замкаў".

— Гэтыя будынкі былі перавезены шэсць гадоў таму. Яны, у прынцыпе, нікому пагоды не рабілі, усе пра гэта ведалі, і ніякай валтузні з гэтай нагоды не было, — кажа Алесь. — Цяпер будуць разбіраць. Так гаворыць закон: калі самабуд не разбірае той, хто вінаваты, то зносіць яго ўпаўнаважаная арганізацыя. Заплаціць за знос давядзецца ад 10 да 20 тысяч рублёў.

Сама сітуацыя вельмі незразумелая. Мы — адны з самых буйных тураператараў, якія возяць экскурсіі па Беларусі. І замест таго каб неяк з намі наладжваць кантакты, неяк спрыяць прыцягненню турыстаў у Ашмянскі раён, мясцовыя ўлады паводзяць сябе як незразумела хто, — абураецца Алесь.

Разобрать нельзя оставить: в Ошмянах исторические здания признали самостроем
Дырэктар фонду "Краіна замкаў" Алесь Варыкіш / фэйсбук

У спробах дамагчыся праўды Алесь Варыкіш дайшоў нават да міністра культуры Анатоля Маркевіча і растлумачыў яму ўсю задуму стварэння міні-скансэна [гісторыка-этнаграфічнага комплексу, у якім сабраныя пабудовы, архітэктурныя збудаванні і іншыя помнікі культуры з пэўнай мясцовасці. — Еўрарадыё] на Ашмяншчыне. Па словах Алеся, Маркевіч уважліва выслухаў і паставіўся да сітуацыі з разуменнем:

— Чалавек абсалютна разумее тэму. Ён вельмі здзівіўся, што паднялі на роўным месцы буру ў шклянцы вады. Ён нават патэлефанаваў пры мне кудысьці ў Гродзенскі аблвыканкам, але чым гэта скончыцца, пакуль не ясна.

Мабыць, у гэтай сітуацыі Алесь Варыкіш можа разлічваць толькі на пратэкцыю з боку міністра культуры, таму што мясцовыя чыноўнікі настроеныя вельмі рашуча. Начальніца ўпраўлення архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ашмянскага райвыканкама Ірына Ромэ адказвае Еўрарадыё, што самабуду ў Родзевічах не бываць. Нават калі гэты самабуд — гістарычны.

— Варыкішу ў пісьмовым адказе я выразна і пісьменна напісала, што калі гэта аб'ект самавольнага будаўніцтва, то пра якую наогул каштоўнасць гістарычную мы можам гаварыць? — кажа начальніца ўпраўлення. — Там наогул стаяць капітальныя будынкі, пабудаваныя без рашэння райвыканкама ў парушэнне артыкула Грамадзянскага кодэкса. Гэта аб'ект самавольнага будаўніцтва.

Разобрать нельзя оставить: в Ошмянах исторические здания признали самостроем
Ірына Ромэ / osh.by

Еўрарадыё працягне сачыць за развіццём падзей вакол сітуацыі. А пакуль будынкі не разабралі, каманда "Краіны замкаў" запрашае ўсіх ахвотных на "Гуканне вясны па-шляхецку" і на экскурсію-анімацыю "Дарогамі кантрабандыстаў". Усю інфармацыю пра будучыя мерапрыемствы можна знайсці на zamak.by.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі