Расійскія войскі каля межаў Украіны — ЗША лічаць крызіс немінучым

Расійскія войскі каля межаў Украіны — ЗША лічаць крызіс немінучым

Пасля заканчэння вучэнняў расійскія войскі застаюцца каля ўкраінскіх межаў, піша New York Times са спасылкай на амерыканскіх вайскоўцаў. Тым часам у расійскіх сацсетках сталі масава з'яўляцца паведамленні пра перакідку тэхнікі да расійска-ўкраінскай мяжы і ў анексаваны Крым.

Паводле звестак украінскага Генштаба, паведамляе Бі-Бі-Сі, уздоўж украінскай мяжы па стане на 30 сакавіка знаходзяцца 28 расійскіх батальёнаў. І бліжэйшым часам да іх могуць далучыцца яшчэ 25 батальёнаў. Праўда, у гэтую колькасць украінцы запісваюць і часці, якія знаходзяцца ў анексаваным Крыме.

Каментуючы гэтыя падзеі, Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, заявіў, што Расія перамяшчае свае войскі па сваёй тэрыторыі і гэта "не павінна нікога турбаваць, гэта ні для каго не ўяўляе ніякай пагрозы". Ён традыцыйна заявіў, што расійскія войскі ніколі не ваявалі на тэрыторыі Украіны, хаця гэтыя заявы былі ўжо неаднаразова абвергнутыя.

Прэс-сакратар Пентагона Джон Кірбі паведаміў, што ваеннае ведамства ЗША заклапочанае "нядаўняй эскалацыяй расійскай агрэсіі на ўсходзе Украіны, уключаючы парушэнні пагаднення аб рэжыме спынення агню, дасягнутага ў ліпені 2020 года". Таксама ён адзначыў, што Пентагон ведае пра перамяшчэнні расійскіх войскаў каля ўкраінскай мяжы. 

Паводле звестак New York Times, Пентагон вельмі крытычна ацэньвае сітуацыю: "На мінулым тыдні Еўрапейскае камандаванне Узброеных Сіл ЗША павысіла ўзровень назірання з магчымага крызісу да патэнцыйна немінучага крызісу — самага высокага ўзроўню — у адказ на разгортванне дадатковых расійскіх войскаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі