Вы тут

Расійскі пасол расказаў, якая інтэграцыйная дарожная карта не ўзгоднена

Яўген Лук'янаў / Еўрарадыё

Расійскі пасол Яўген Лук'янаў у чацвер на прэс-канфрэнцыі ў Мінску расказаў, якая інтэграцыйная дарожная карта Мінскам і Масквой яшчэ не ўзгоднена. Паводле яго слоў, яна звязана з энерганосьбітамі, узаемаразлікамі, цэнамі, акцызамі. Дарожная карта па падатковай палітыцы "у асноўным прынята". Больш падрабязна ён не стаў на гэтым пытанні спыняцца.

Пра тое, што засталося ўзгадніць толькі адну інтэграцыйную карту з амаль трох дзясяткаў, нядаўна ўжо заяўляў пасол Расіі. Але ён не ўдакладняў, якая менавіта. Раней беларускі бок заяўляў пра перамовы па двух праграмах: па нафтагазавай сферы і па збліжэнні падатковага, мытнага заканадаўства Беларусі і Расіі.

Таксама Лук'янаў сказаў, што Расія пакуль не будзе адкрываць наземную мяжу з Беларуссю для свабоднага перамяшчэння людзей. РФ закрыла мяжу з Беларуссю ў сакавіку 2020 года. Такое рашэнне тлумачылася мерамі па недапушчэнні распаўсюду каранавіруса.

Яўген Лук'янаў заявіў, што "Расія Беларусь у бядзе не пакіне". У тым ліку і ў сітуацыі з санкцыямі.

"Шчыра кажучы, мы супраць Беларусі ніякай алергіі або раздражнення ніколі не адчувалі, — працягваў пасол. — Заўсёды рады, што братэрскі нам народ разам з намі, а мы разам з ім". А тое, як гэта ўспрымаецца на Захадзе, Маскву хваляваць не павінна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.