Радыё "Свабода": Лунінецкі вайсковы аэрадром расчышчаюць і разбудоўваюць
Пра гэта сведчаць спадарожнікавыя здымкі.
На вайсковым аэрадроме пад Лунінцам фіксуюць незвычайную актыўнасць. Гэта дазваляюць пабачыць спадарожнікавыя здымкі, перадае Радыё "Свабода".
На вайсковым аб’екце валяць лес, расчышчаюць расліннасць, рэканструююць адразу некалькі будынкаў і ўзводзяць новыя, пракладаюць камунікацыі.
Перад расійскім уварваньнем ва Украіну вайсковы аэрадром "Лунінец" лічыўся запасным і выкарыстоўваўся рэдка.
Змены на ім пачаліся перад вучэннямі "Саюзная рашучасць — 2022". Напад Расіі на Украіну адбыўся якраз пасля гэтых вучэнняў. Агрэсія адбывалася ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.
Па здымках журналісты заўважылі, што цяпер вайсковай тэхнікі на аэрадроме няшмат: толькі некалькі комплексаў С-300 ці С-400. Самалётаў няма, стаяць толькі два верталёты.
У вайсковым гарадку абнавілі амаль усе жылыя ці адміністрацыйныя пабудовы. На расчышчаным ад лесу кавалку зямлі пачалі ўзводзіць нешта накшталт ангару ці казармы — амаль удвая большы за тыя, што ёсьць. Высеклі кавалак лесу каля ўязной паркоўкі.
Таксама "Свабода" са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, быццам ў Лунінецкаму райвыканкаму загадалі пабудаваць у горадзе жыллё для сем’яў расійскіх вайскоўцаў, якія будуць пражываць там стала.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.