Вы тут

Пуцін у сваім штогадовым пасланні згадаў "спробу дзяржперавароту" ў Беларусі

Уладзімір Пуцін / кадр з відэа

Падчас свайго паслання Федэральнаму сходу 21 красавіка Уладзімір Пуцін згадаў беларускія падзеі апошніх дзён. 

Па яго словах, "спроба дзяржаўнага перавароту" ў Беларусі не выклікала асуджэння "ў так званага калектыўнага Захаду". Расійскі кіраўнік згадаў украінскага экс-прэзідэнта Віктара Януковіча і заявіў, што яго "таксама ледзь не забілі і адхілілі ад улады з дапамогай дзяржперавароту". У Беларусі ж, па словах Пуціна, былі пяройдзеныя ўсе межы.

Расійскі кіраўнік заявіў, быццам беларускія "ўдзельнікі змовы" прызналі, што рыхтавалася блакада Мінска і поўнае адключэнне ўсёй энергасістэмы.

А потым Пуцін прагаварыўся, што ніякай спробы дзяржперавароту насамрэч не было: "А што было б, калі б спроба дзяржперавароту была рэальна прадпрынятая?"

Па абвінавачанні ў змове і спробе дзяржперавароту беларускія спецслужбы затрымалі ў Маскве літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту і юрыста Юрыя Зянковіча (у яго ёсць таксама пашпарт грамадзяніна ЗША). Праз дзень у Шклове па гэтай жа справе быў затрыманы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.