Вы тут

Пуцін перанёс выплату крэдыту па БелАЭС на два гады

Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб ратыфікацыі пратакола па зменах у расійска-беларускім міжурадавым пагадненні аб крэдыце на будаўніцтва АЭС, перадае ТАСС. Гэты дакумент адкладае на два гады пагашэнне крэдыту, выдадзенага афіцыйнаму Мінску.

Сам пратакол быў падпісаны 14 ліпеня 2020 года. Раней паведамлялася, што з просьбай перагледзець умовы вяртання крэдыту звярнуўся беларускі бок. Падставай для гэтага называліся падзенне сусветных коштаў нафты і газу, а таксама перанос тэрміну ўводу ў эксплуатацыю двух энергаблокаў АЭС з 2018 года на 2022 год.

Прадугледжваецца, што Беларусь будзе выкарыстоўваць крэдыт да канца 2022 года замест 2020 года. Пачатак пагашэння асноўнага доўгу перанесены з 1 красавіка 2021 года на 1 красавіка 2023 года. Замест змяшанай адсоткавай стаўкі ўводзіцца фіксаваная — 3,3% гадавых. Таксама ў дакуменце ўдакладняецца, што за пратэрмінаваную запазычанасць налічваюцца адсоткі па стаўцы 3,3% гадавых, павялічанай на маржу ў 2% гадавых.

Размова пра рэшту расійскага крэдыту на БелАЭС ішла на сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў лютым 2021 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.