Прысуды за падпал "Табакеркі", спыненне цягніка і прабітае кола аўто міліцыянера

Прысуды за падпал "Табакеркі", спыненне цягніка і прабітае кола аўто міліцыянера

За падпал "Табакеркі", спыненне цягніка і прабітае кола аўто міліцыянера асуджаны чацвёра жыхароў Бабруйска. Траіх з іх адправілі ў калонію ўзмоцненага рэжыму на 7,5-8 гадоў, паведамляе БелаПАН.

Крымінальную справу разглядаў суд Бабруйска і Бабруйскага раёна (суддзя — Дзмітрый Крэнжыеўскі). Аляксандра Назарэвіча, Аляксандра Мар'ясава, Віталя Васілевіча і Аляксандра Гаўрылава прызналі вінаватымі ў "арганізацыі групавых дзеянняў, што выклікала парушэнне працы транспарту", у "злосным хуліганстве", "наўмысным пашкоджанні маёмасці ў асабліва буйным памеры", "замаху на злачынства", "незаконных дзеяннях у дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў".

Назарэвіч асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд канфіскаваў у яго аўтамабіль. Мар'ясава і Васілевіча адправілі ў калонію ўзмоцненага рэжыму на 7,5 года. Гаўрылаў асуджаны на 2 гады абмежавання волі ў папраўчай калоніі адкрытага тыпу. Падсудныя прызналі віну часткова. Прысуды яшчэ могуць быць абскарджаны.

Згодна з матэрыяламі справы, "партызаны" дзейнічалі ў верасні-кастрычніку мінулага года. Назарэвіч, Мар'ясаў, Васілевіч каля адной з чыгуначных станцый падпалілі рыззё і машыніст экстранна затармазіў — думаў, што набліжаецца сустрэчны цягнік. Назарэвіч і Гаўрылаў падклалі пад кола машыны супрацоўніка дэпартамента аховы металічныя шыпы, якімі прабілі яго. У падпале "Табакеркі" абвінавацілі Мар'ясава, Назарэвіча і Васілевіча. Таксама Назарэвіча прызналі вінаватым у нанясенні чырвоных палос на тры белыя лайтбоксы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі