Вы тут

Прысуд журналісткам Андрэевай і Чульцовай пакінулі без зменаў — 2 гады калоніі

Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе ў лютым 2021-га / Наша ніва

23 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе прайшоў разгляд апеляцыі на прысуд журналісткам "Белсата" Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовай. У лютым 2021-га суд Фрунзенскага раёна Мінска (суддзя Наталля Бугук) асудзіў іх на 2 гады калоніі агульнага рэжыму за "арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". 15 лістапада 2020 года ў доме на "Плошчы Перамен" у Мінску яны вялі стрым з разгону мірнай вулічнай акцыі памяці забітага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі.

Андрэева і Чульцова сваёй віны не прызналі. Яны прызнаныя палітзняволенымі.

Абарона падкрэслівала падчас разгляду апеляцыі, што віна журналістак не даказаная, што яны проста рабілі сваю працу.

Пракурор Вольга Герасімовіч заявіла, што "від і памер пакарання з'яўляецца абгрунтаваным і справядлівым". Яна папрасіла пакінуць рашэнне суда без зменаў, а скаргу пакінуць без задавальнення. Што і адбылося.

Журналісткі не ўдзельнічалі ў разглядзе апеляцыі — суд адхіліў хадайніцтвы аб іх асабістым удзеле.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.